Для таго каб узяць удзел у Другім Фестывалі беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK!, трэба прайсці рэгістрацыю ў якасці ўдзельніка.
Перад тым, як прайсці рэгістрацыю і даслаць свае работы, прапануем азнаёміцца з агульнымі правіламі ўдзелу ў Фестывалі AD.NAK!.
Агульныя правілы ўдзелу ў Фестывалі
Удзельнікамі Фестывалю могуць быць як прафесійныя гульцы рэкламнага рынку (рэкламныя агенцтвы, студыі, СМІ ды інш.), так і асобныя аўтары, фрылансеры і грамадскія аб’яднанні. Узроставых і тэрытарыяльных абмежаванняў няма.
Кожны зарэгістраваны ўдзельнік мае права прысутнічаць на ўсіх мерапрыемствах, майстар-класах і семінарах у дзень правядзення Фестывалю, а таксама падаць свае работы ў конкурсную праграму адпаведна намінацыям Фестывалю альбо ўзяць удзел у конкурсах, якія пройдуць у межах падрыхтоўчага перыяду.
У конкурснай праграме Фестывалю могуць узяць удзел:
- Рэкламныя прадукты і камунікацыйныя праекты, створаныя і рэалізаваныя на беларускай мове за апошнія некалькі гадоў, якія не ўдзельнічалі ў Першым Фестывалі AD.NAK!;
- Падрыхтаваныя і створаныя канцэпты і ідэі, якія не знайшлі практычнай рэалізацыі;
- Грамадсказначныя праекты ў галіне мастацтва і культуры: фестывалі, канцэрты, выставы, галерэі, культурныя мерапрыемствы, спартыўныя мерапрыемствы, вечарыны, тэатральныя пастановы, забаўляльныя праекты, кнігі, фільмы, DVD, CD з запісамі і г.д.
- Рэкламныя прадукты, якія ў аснове сваіх канцэптаў ужываюць асаблівасці беларускай культуры, гісторыі, традыцый і беларускай ментальнасці (ментальнасці беларусаў), беларускія «маркёры» без прывязкі прадукту да мовы.
- У межах фестывальнай праграмы можна ўзяць удзел у адным альбо некалькіх конкурсах і намінацыях, якія ладзяцца падчас падрыхтоўчага перыяду Фестывалю.
Работы прымаюцца Аргкамітэтам Фестывалю з 15 сакавіка па 6 чэрвеня 2011 года.
Удзел у Фестывалі БЯСПЛАТНЫ.
Каб узяць удзел у Фестывалі, неабходна выканаць некалькі крокаў:
- Выберыце свае лепшыя работы, выкананыя на беларускай мове за апошнія некалькі гадоў, якія не прымалі ўдзелу ў Першым Фестывалі AD.NAK!,
- Прайдзіце рэгістрацыю на сайце Фестывалю Adnak.by
- Абярыце з конкурснай праграмы намінацыю, якая вам пасуе. Адна работа можа падавацца ў некалькі намінацый і, адпаведна, будзе ацэнена рознымі складамі журы па розных крытэрыях.
- Прывядзіце работы ў адпаведнасць з тэхнічнымі патрабаваннямі, адзначанымі ў апісанні конкурсаў.
- Падайце заяўку на сайце Фестывалю ў раздзеле «Падача работы» і запампуйце работу.
- Арыгіналы работ (паштоўкі, календары, постэры, буклеты, і інш.), а таксама дыскі з конкурснымі работамі трэба даслаць па адрасе: 220030, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск, вул. Няміга, 5, 3 паверх, частка офіснага памяшкання №21б, з паметкай «У Аргкамітэт Фестывалю AD.NAK!»