У межах Другога фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! праводзіцца конкурс на найлепшы беларускамоўны слоган. Сёлета партнёрам гэтага конкурсу стала кампанія «Альтэрнатыўная лічбавая сетка», вядомая сваімі брэндамі «Атлант Тэлеком» і «Шпаркі дамавік».
Менавіта «Шпаркі дамавік» і стаў прадметам словатворчасці ўдзельнікаў конкурсу. Слоган павінен адлюстроўваць усю імклівасць гэтай істоты і, адпаведна, тых паслугаў, якія прапануе сваім кліентам кампанія «Альтэрнатыўная лічбавая сетка» – самая вялікая прыватная хатняя сетка ў Беларусі з найбольшай колькасцю сэрвісаў і ўнікальных рэсурсаў.
Што патрэбна ведаць пра паслугі, якія прадаюцца пад брэндам «Шпаркі дамавік»? Перш за ўсё, гэта паслугі доступу да інтэрнэту па тэхналогіі Ethernet на хуткасці да 100 Мбіт/сек. Акрамя гэтага, падключыўшыся да «Шпаркага дамавіка», карыстальнік атрымлівае доступ да ўнутраных рэсурсаў правайдара, якія ўключаюць аўдыё-, відэа-, радыё- і гульнявы парталы, софт, а таксама бясплатныя торэнты са шматлікімі навінкамі. А зусім нядаўна карыстальнікі паслугаў «Шпаркага дамавіка» атрымалі магчымасць глядзець лічбавае тэлебачанне (IPTV).
Безупынны дамавічок бегае па ўсіх абласных цэнтрах, а ягоныя паслугі запатрабаваныя ў асноўным маладымі людзьмі ад 16 да 30 гадоў. Гэта ўзрост весялосці, жвавасці і, галоўнае, маладосці. Таму і слоган, прапанаваны ўдзельнікамі, павінен быць:
- вясёлым;
- драйвовым;
- крыху вар’яцкім і шалёным;
- забаўляльным.
Слоган павінен адлюстроўваць маладосць і свежасць. У ім павінная быць адлюстраваная ідэя сяброўства, якое толькі ўмацоўваецца пры дапамозе сэрвісаў, якія прапануе «Шпаркі дамавік»
Усе слоганы, дасланыя на конкурс, могуць быць выкарыстаныя кампаніяй «Альтэрнатыўная лічбавая сетка» ў мэтах прасоўвання сваіх прадуктаў. Прычым няважна, перамог слоган альбо не.
Пераможцу конкурсу чакае прыз ад «Шпаркага дамавіка» – бясплатны кантракт на безлімітны кругласутачны доступ у інтэрнэт, а таксама да ўнутраных рэсурсаў правайдара на хуткасці да 2 Мбіт/с па тарыфным плане «Мастхэв 1″. Але калі вочы ў журы будуць разбягацца, то не выключана, што асобныя канкурсанты будуць уганараваныя адмысловымі прызамі і падарункамі.
Кожны ўдзельнік конкурсу мусіць зарэгістравацца на сайце ў якасці ўдзельніка Фестывалю. Прапанаваны слоган можна напісаць у асабістым кабінеце карыстальніка альбо выслаць на электронную пошту Фестывалю adnak@marketing.by з указаннем свайго прозвішча і імя, кантактнага тэлефона (найлепей мабільнага), адрасу электроннай пошты. Ну і не забудзьцеся пазначыць назву намінацыі: «P. Конкурс на найлепшы беларускамоўны слоган» у тэме ліста і напісаць у ім сам слоган.
Экспартаваць навіну