Марына Золатава: Рэкламадаўцы яшчэ не ўсвядомілі, што рэкламавацца на беларускай мове ў інтэрнэце варта
Адным з генеральных інфармацыйных партнёраў сёлетняга Фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! стаў найбольш папулярны беларускі інтэрнэт-партал TUT.BY. Сваімі думкамі наконт становішча беларускай рэкламы ў рэкламнай і медыясферы дзеліцца галоўны рэдактар партала Марына Золатава.
— Марына, як Вы лічыце, наколькі актыўна цяпер развіваецца беларускамоўная рэклама?
— З аднаго боку, колькасць і якасць беларускамоўнай рэкламы наўпрост залежыць ад стану беларускай мовы ў грамадстве. Большасць жыхароў краіны карыстаецца рускай мовай, адпаведна, і рэкламная прадукцыя ў нас збольшага рускамоўная. Але я ўпэўненая ў тым, што рэклама на беларускай мове адназначна прыцягвае больш увагі. Проста таму, што яна адрозніваецца ад іншых рэкламных прадуктаў. Іншая справа, ці эфектыўная яна. Бо прыцягнуць увагу і прадаць тавар — гэта розныя рэчы. Адказаць на гэтае пытанне могуць толькі праведзеныя даследаванні. Мы размясцілі адпаведную апытанку на TUT.BY, яе вынікі паказваюць, што прыкладна траціна апытаных лічыць, што беларускамоўная рэклама цікавейшая за рускамоўную. Разам з тым, прыблізна 28% апытаных адказалі, што беларускамоўная рэклама раздражняе іх нават больш, чым рускамоўная. Усяго ў галасаванні паўдзельнічала больш за 16 тысяч карыстальнікаў.
У адрозненне ад той жа Украіны ці балтыйскіх краін, у нас нікога не абавязваюць ствараць рэкламу на мове тытульнай нацыі. Магчыма, гэта якраз і няблага. Тады да пашырэння ўжытку рэкламы на беларускай мове мы прыйдзем натуральным шляхам. А мы абавязкова прыйдзем, я ў гэтым упэўненая. Але і вытворцы, і прыхільнікі мовы мусяць прыкласці максімум намаганняў, каб даказаць рэкламадаўцам эфектыўнасць беларускамоўнай рэкламы.
У нас атрымалася так, што выкарыстанне беларускай мовы абмяжоўваецца досыць вузкім колам творчай інтэлігенцыі. Хаця, канечне, ёсць і медыкі, і фізікі, і матэматыкі, і спартоўцы, якія ў побыце карыстаюцца менавіта беларускай мовай. Але я хачу падкрэсліць, што мы павінныя якраз займацца пашырэннем сфераў выкарыстання мовы, павінныя звярнуць увагу на адметнасць беларускай мовы тых, хто ніколі ёй не карыстаўся, хто ў школе збягаў з заняткаў беларускай мовы і літаратуры. Уявіце, што такі чалавек у размове са сваім знаёмым раптам выкарыстае адметнае слова ці выраз, які пачуе ў рэкламным роліку. І гэта ўжо будзе файна.
— Што з беларускамоўнай рэкламай у інтэрнэце? Ці можна сказаць, што яна распаўсюджваецца там досыць актыўна?
— Не так актыўна, як хацелася б. Пры тым, што беларускамоўная супольнасць у інтэрнэце вельмі актыўная, з аб’ектыўных прычынаў. Але рэклама — такая справа: тут усё вызначаецца попытам. Відаць, рэкламадаўцы яшчэ не ўсвядомілі, што рэкламавацца на беларускай мове ў інтэрнэце варта, а вытворцы рэкламнай прадукцыі пакуль не паспелі іх у гэтым пераканаць.
— Сёлета адной з асаблівасцяў фестывалю AD.NAK! з’яўляецца акцэнт на прамоцыі сацыяльных і культурніцкіх праектаў. На Вашую думку, ці дастаткова ўвагі ім надаецца ў інтэрнэце?
— Ёсць некалькі цікавых прыкладаў кшталту праектаў “Будзьмы” (напрыклад, сумесны з кампаніяй “Будзьма беларусамі!” праект “БудзьмаTUT” http://tut.budzma.org/), Лявона Вольскага ці “Народных казак для дзетак”, на якія проста немагчыма не звярнуць увагу. Сёння ў інтэрнэце існуе багата магчымасцяў для прасоўвання цікавых ідэй і ініцыятываў, тыя ж сацыяльныя сеткі. Я не веру, што нешта цікавае, незвычайнае можа застацца па-за ўвагай інтэрнэт-супольнасці. Патрэбныя свежыя ідэі і светлыя галовы, каб гэтыя ідэі рэалізаваць, а ўвага будзе. Прынамсі, магу запэўніць, што TUT.BY будзе гэтаму спрыяць.
Культура — якраз тая сфера, дзе беларуская мова выкарыстоўваецца найбольш актыўна. Павел Латушка — адзіны беларускамоўны міністр у сённяшнім урадзе. Але зноў-такі важна зацікавіць новую аўдыторыю, незаангажаваную. І цалкам натуральна, калі часам для прасоўвання беларускамоўных праектаў выкарыстоўваецца руская мова.
— Марына, ці набывае беларуская мова, паводле Вашых назіранняў, дастатковую папулярнасць у медыясферы?
— Я магу дакладна сказаць, што матэрыялы на рускай мове на TUT.BY сёння з’яўляюцца значна больш папулярнымі. Але вельмі важную ролю адыгрывае тэма артыкула. Напрыклад, калі ў нас па-беларуску друкуюцца выключна матэрыялы з галіны культуры, іх прачытае свая аўдыторыя. Але гэта, на жаль, будзе досыць вузкае кола людзей. Аднак калі мы паставім на беларускай мове навіну пра тое, што падаражэе паліва (якраз сёння была такая сітуацыя), то за лічаныя гадзіны яе прачытаюць дзясяткі тысяч чалавек. То бок калі тэма чалавеку цікавая, моўнага бар’еру няма.
Вельмі ўдалым беларускамоўным медыяпраектам лічу 34mag.net. Ягоныя стваральнікі разбіваюць стэрэатыпы адносна беларускай мовы. Праз яскравыя, незвычайныя тэмы, выкарыстанне мультымедыя яны пашыраюць беларускамоўную аўдыторыю. Са СМІ варта адзначыць газету “Звязда” (але гэтае выданне трэба адпаведна прасоўваць), а таксама Еўрарадыё.
Хачу з удзячнасцю згадаць пра спартовых журналістаў. Каментары, артыкулы на беларускай мове на тэму спорту — выдатная магчымасць зрабіць беларускую мову больш папулярнай. Адно слова “заўзятар” чаго вартае. Гэта якраз тая сітуацыя, калі моўных бар’ераў няма. Дзякуй байцу Віталю Гуркову, а таксама журналістам Паўлу Баранаву, Вячаславу Федарэнкаву ды іншым. Варта таксама адзначыць ХК “Дынама-Мінск” — хаця б за тое, што гімн клуба выконвае гурт “Палац”.
— TUT.BY стаў партнёрам намінацыі «Інтэрнэт-рэклама» нашага Фестывалю. Як Вы лічыце, ці дастаткова ў Беларусі добрых і якасных працаў, якія маглі б удзельнічаць у гэтай намінацыі?
— Спачатку трэба паглядзець на гэтыя працы.
Экспартаваць навіну