Аб Фестывалі

У сакавіку-чэрвені пройдзе Другі Фестываль беларускамоўнай рэкламы i камунікацыі AD.NAK!

AD.NAK! – гэта пляцоўка, якая аб’ядноўвае найбольш актыўную і перадавую частку прафесійнага грамадства ў галіне рэкламы, маркетынгу і PR, а яе галоўная мэта – звярнуць увагу прафесійных удзельнікаў рэкламнага рынку, а таксама грамадства Беларусі да рэкламы і іншых сродкаў маркетынгавых камунікацый, выкананых на беларускай мове.

Ідэя фестывалю належыць агульнанацыянальнай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!», якая стварае і падтрымлівае мерапрыемствы, накіраваныя на развіццё беларускай нацыянальнай самаідэнтыфікацыі.

Арганізацыйны партнёр фестывалю ‑ спецыялізаваны інтэрнэт-рэсурс Marketing.by.

Рэклама як частка сучаснай масавай культуры з’яўляецца сёння важным элементам у станаўленні нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў. Колькасць людзей, якія хочуць успрымаць самую розную інфармацыю, у тым ліку і рэкламу, на беларускай мове, дынамічна расце.

У сваю чаргу, рэкламісты і маркетолагі – гэта найбольш актыўная і перадавая частка сучаснага грамадства, людзі, якія стала імкнуцца да новага. Усе сучасныя тэндэнцыі знаходзяць адлюстраванне перш за ўсё ў рэкламе.

Конкурсная праграма Фестывалю 2011 года будзе значна пашырана за кошт новых тэм і кірункаў, якія існуюць на камунікацыйнай прасторы Беларусі.

Другі Фестываль AD.NAK! у гэтым годзе мае тлумачальны дадатак – фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі. Галоўная адметнасць другога Фестывалю – разам са звычайнай рэкламай і PR значная ўвага надаецца работам, скіраваным на прасоўванне розных культурніцкіх праектаў, якія былі створаны і прасоўваліся да сваёй аўдыторыі маркетынгавымі інструментамі і шляхамі.

Такім чынам, апроч рэкламы і прамоцыі, у фестывалі 2011 году возьмуць удзел іншыя камунікатыўныя праекты, напрыклад фотапленэры, выставы, выдавецкія, кіно, відэа, тэатральныя пастановы і інш. культурніцкія і грамадскія праекты.

Акрамя гэтага, адбор работ на другі Фестываль і іх ацэнка будзе весціся па іншых, больш жорстких прафесійных крытэрыях, што безумоўна павысіць каштоўнасць узнагарод і перамог.

Задачы Фестывалю 2011 года:

  • Сабраць і вызначыць найбольш паспяховыя і крэатыўныя работы ў межах адноўленага, пашыранага фармату і адзначыць іх аўтараў узнагародамі;
  • Прыцягнуць увагу прафесійных удзельнікаў рэкламнага рынку і грамадскасці Беларусі да сучасных сродкаў камунікацыі і тых ідэй, якія існуюць на гэтай прасторы;
  • Натхніць і падштурхнуць шырокае кола беларускіх спецыялістаў галіны (крэатараў, капірайтэраў, дызайнераў, рэжысёраў, прадзюсераў, сцэнарыстаў ды інш.) да ўжывання найбольш цікавых і эфектыўных форм і сродкаў камунікацыі на беларускай мове, якія адзначыць Фестываль.

ПРАГРАМА ФЕСТЫВАЛЯ ўключае:

  • Конкурсную праграму, якая дае магчымасць усім прадстаўнікам прафесінай галіны праставіць і зрабіць адметнымі свае работы.
  • Адукацыйную праграму (серыя майстар-класаў і семінараў вядучых рэкламістаў Беларусі на працягу ўсяго фестывальнага дня 23 чэрвеня), якая дасць магчымасць удзельнікам павысіць узровень ведаў у прафесійнай галіне, а таксама стане пляцоўкай для прафесійнай камунікацыі і зносін.

Удзел у фестывалі з’яўляецца БЯСПЛАТНЫМ.

Неабходна адзначыць, што Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікаціі AD.NAK! – гэта не толькі рэклама на беларускай мове. Сапраўдная рэклама, як і любая мастацкая праява, павінна быць зроблена з улікам ментальных асаблівасцяў жыхароў Беларусі, толькі ў такім выпадку яна зможа стаць па-сапраўднаму адметнай.

У гэтым годзе ўпершыню будзе дзейнічаць спецыяльная намінацыя «Беларускаарыентаваная рэклама і камунікацыя», якая звяртае ўвагу на выкарыстанне асаблівасцяў беларускай культуры, гісторыі, традыцый і беларускай ментальнасці (ментальнасці беларусаў). Гэтая намінацыя уўведзена для рускамоўных ці часткова рускамоўных работ. Галоўная мэта намінацыі ‑ заахвоціць тых, хто імкнецца распрацоўваць тэму беларускаментальнай рэкламы.

Для тых, хто абыякава адносіцца да сваіх каранёў, будзе дзейнічаць антыпрэмія «Каша сувораўская» якая вызначыць найбольш непрафісійныя работы і падыходы ў рэкламе.

У склад журы Другога Фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! увойдуць прадстаўнікі найбуйнейшых рэкламных агенцтваў, прадакшн-студый, беларускіх і замежных кампаній, вядомыя асобы са сферы бізнэсу і культуры.


УМОВЫ ЎДЗЕЛУ Ў ФЕСТЫВАЛІ AD.NAK! 2011

Работы ў конкурсную праграму прымаюцца з 15 сакавіка па 6 чэрвеня 2011 года.

Фестываль пройдзе 23 чэрвеня. На працягу фестывальнага дня будуць ладзіцца майстар-класы вядучых беларускіх рэкламістаў, круглыя сталы і сустрэчы з удзелам прафесійных гульцоў рэкламнага і камунікацыйнага рынку Рэспублікі Беларусь. Фіналам стане ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Фестывалю 2011 года.

Падрабязней аб умовах удзелу.

Экспартаваць навіну