Сяргей Міхаленка: У рэкламнай фатаграфіі альбо добра, альбо ніяк
Другі Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! супрацоўнічае з многімі таленавітымі людзьмі. Адным з іх з’яўляецца Сяргей Міхаленка, кіраўнік фотастудыі ZНЯТА. Сёлета гэтая студыя падтрымала адзін з конкурсаў — “AD.NAK ZНЯТА ТАК!”. Аб перспектывах развіцця рэкламнай фатаграфіі ў Беларусі Сяргей Міхаленка расказвае ў інтэрв’ю, зробленым адмыслова для Фестывалю AD.NAK!.
— Сяргей, ці выкарыстоўвае студыя ZНЯТА беларускамоўныя сродкі прамоцыі? Чаму?
— Практычна не выкарыстоўвае. Так склалася ў нашай краіне, што пакуль, на жаль, дамінуе руская мова. Ды і думаем мы па-руску. Хаця думкі і замыслы стварэння беларускіх праектаў былі, але развіцця яны не атрымалі, відаць, мы яшчэ не падрыхтаваныя…
— Наколькі актыўна, на Ваш погляд, развіваецца беларускамоўная рэклама ў Беларусі?
— Практычна не развіваецца. Усё, што прыходзіцца бачыць — гэта хутчэй выключэнні, як правілы.
— Сёлета Фестываль AD.NAK! робіць акцэнт пра прамоцыі і рэкламе культурніцкіх праектаў. Ці лічыце Вы гэта актуальнай тэмай для сучаснай Беларусі?
— Для любой нацыі гэта актуальна. Для Беларусі — асабліва.
— Студыя ZНЯТА падтрымала конкурс фотаздымкаў “AD.NAK ZНЯТА ТАК!”. Што Вы чакаеце ад удзельнікаў гэтага конкурсу?
— Спадзяемся ўбачыць новыя імёны, новыя ідэі. Хочацца бачыць больш актыўнасці, пазітыву! І, безумоўна, дастойны ўзровень выканання.
— Наколькі развітая ў Беларусі рэкламная фатаграфія?
— На гэтае пытанне цяжка даць адназначны адказ. З аднаго боку, мы назіраем шумавы эффект вакол фатаграфіі, у цэлым, і камерцыйнай, у прыватнасці. Але гэта больш пена — колькасць не перарастае ў якасць. Калі 10 гадоў таму было 3-5 асноўных рэкламных фатографаў, то зараз кожны чалавек з люстэркавай камерай — фатограф, а кожны другі з іх — гатовы здымаць рэкламу. Пры гэтым якасць выніку, мякка кажучы, жадае быць лепшай.
Калі казаць пра рэкламную фатаграфію, то працэс, канечне, ідзе. Але гэта пераходны перыяд. Праблема ж не толькі ў тым, які вынік даюць фатографы, але і стаўленні рэкламных агенцтваў і заказчыкаў да фатаграфіі. І вось тут пачынаецца самае цікавае — у большасці выпадкаў працы выбіраюцца не па якасці, а па кошце. Гэта для мяне найбольш дзіўна. Як можна эканоміць на тым, што будзе прадстаўляць тавар, паслугу, акцыю? На мой погляд, у рэкламнай фатаграфіі альбо добра, альбо ніяк. І гэтага прынцыпу павінны прытрымлівацца і фатографы, і заказчыкі.
—У гэтым годзе ў межах конкурсу праводзіцца намінацыя “Каша сувораўская”. Гэта антыпрэмія, якая мае мэтаю паказаць не самыя лепшыя рэкламныя працы, якія “не сябруюць” з фактамі беларускай гісторыі і культуры. Як Вы лічыце, ці зможа яна палепшыць стан беларускага рэкламнага рынку?
— Калі прафесіяналы ў такой форме сапраўды звернуць увагу заказчыкаў на іх пралікі — гэта будзе непрыемна, магчыма, нават прывядзе да канфліктаў. Але затое ёсць шанец, што наступным разам замоўцы будуць спачатку думаць, а пасля рабіць.
Экспартаваць навіну