Меркаванні

Кацярына Конанава: Нам цікавая сама ідэя беларускамоўнасці фестывалю

__1

У межах сёлетняга Фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! значная ўвага надаецца культурніцкім і сацыяльным праектам. Напрыклад, конкурс маладых беларускіх рэкламістаў праводзіцца пры падтрымцы ГА «БФ SOS-Дзіцячая вёска». Яго мэта — паспрыяць падтрымцы праектаў, скіраваных на барацьбу супраць сацыяльнага сіроцтва. Аб важнасці гэтай праблемы сёння расказвае прадстаўнік Беларускага фонду SOS-Дзіцячая вёска Кацярына Конанава.

— Кацярына, Ваша дзейнасць звязаная з сацыяльнымі праектамі. Ці адчуваюць яны недахоп рэкламы і прамоцыі?

— На жаль, вельмі нямногія сёння ведаюць пра наш фонд і пра нашу дзейнасць. Пры гэтым некаторыя людзі атаясамліваюць нашу арганізацыю толькі з SOS-Дзіцячай вёскай, а большасць зусім нічога пра нас не ведае, нягледзячы на тое, што ГА «БФ SOS-Дзіцячая вёска» рэалізуе 14 сацыяльна значных праектаў у трох кірунках. Першы — гэта доўгатэрміновая апека сямейнага тыпу дзяцей-сіротаў і дзяцей, што засталіся без бацькоўскага дагляду, другі — умацаванне сям’і і папярэджанне сацыяльнага сіроцтва, а трэці — супрацоўніцтва з дзіцячымі ўстановамі адукацыі. Упэўненая, што ваш праект дапаможа запоўніць гэты прабел.

— Сёлетні фестываль стаўся асаблівым. Сёлета на ім надаецца шмат увагі сацыяльным і культурным праектам. Як Вы лічыце, гэта будзе мець плён з пункту гледжання павышэння ўвагі грамадскасці да такіх праектаў?

— Такія мерапрыемствы, як ваш фестываль, абавязкова павінныя існаваць у нашай рэспубліцы. За штодзённымі клопатамі некаторыя з нас, мабыць, не маюць магчымасці задумацца аб такіх праблемах грамадства, як сацыяльнае сіроцтва, умацаванне дзіцяча-бацькоўскіх адносінаў. Часам, на жаль, дзеці, што жывуць побач з намі, пазбаўленыя магчымасці расці і выхоўвацца ў роднай сям’і. Часам нашыя родныя дзеці праз пэўныя абставіны недаатрымліваюць тыя клопат і любоў, якія мы павінныя ім даваць.

У Рэспубліцы Беларусь SOS-Дзіцячыя вёскі дзейнічаюць ужо амаль 20 гадоў і адпавядаюць дзяржаўнай палітыцы Рэспублікі Беларусь па дэінстытуцыялізацыі дзяцей-сіротаў і развіццю формаў іх сямейнага ўладкавання. На жаль, у Беларусі сёння пражывае каля 1,8 млн непаўналетніх дзяцей, з іх каля 30 тыс. — дзеці-сіроты і дзеці, што засталіся без бацькоўскага дагляду, яшчэ 19,5 тыс. сем’яў знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Таму проста неабходна рабіць акцэнт на праекты па ўмацаванні сям’і і папярэджанні сацыяльнага сіроцтва праз правядзенне розных акцыяў, фестываляў, падобных да вашага.

— Вы з’яўляецеся ініцыятарам конкурсу маладых беларускіх рэкламістаў. Нашто беларускім SOS-вёскам крэатыўная прамоцыя?

— Нам неабходна прывабіць увагу грамадскасці, карпаратыўнай супольнасці і кожнага канкрэтнага грамадзяніна да вышэйабазначанай праблемы, заклікаць да ўсведамлення таго, што праблема існуе і што толькі разам, аб’яднаўшы нашыя намаганні і рэсурсы, мы можам яе вырашыць. Хочацца ўбачыць нестандартнае, творчае бачанне гэтай сітуацыі, бо, як кажуць, «лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць».

— Што вы чакаеце ад гэтага конкурсу?

— Нашая мэта — дзіця, якое ўсебакова развіваецца ў клапатлівым сямейным атачэнні Кожнае дзіця разглядаецца як непаўторная індывідуальнасць. Мы падтрымліваем фізічны, эмацыйны, інтэлектуальны, сацыяльны і духоўны дабрабыт дзіцяці, улічваючы яго біялагічныя, сацыяльныя і культурныя карані. Хацелася б у выніку конкурсу атрымаць прадукт, які паведамляў бы аб важнасці прафілактыкі сіроцтва і неабходнасці аб’яднання рэсурсаў для эфектыўнага рашэння гэтай надзённай праблемы грамадства. Каб з падтрымкай беларускага бізнэс-сектару мы змаглі б дапамагчы яшчэ большай колькасці дзяцей займець і захаваць сям’ю, клопат і ласку.

— Дзейнасць SOS-вёсак у Беларусі — гэта толькі частка сусветнага руху, накіраванага на барацьбу з сіроцтвам. Ці дапамагаюць беларускім вёскам замежныя партнёры ў галіне маркетынгавага прасоўвання гэтых сапраўды грамадска значных ідэяў?

— Так, сапраўды, SOS-рух бярэ свой пачатак з 1949 года, калі ў невялікім аўстрыйскім горадзе Імст была створаная першая ў свеце SOS-Дзіцячая вёска, пабудаваная на дабрачынныя ахвяраванні простых жыхароў. Сёння, дзякуючы дапамозе мільёнаў людзей, у 132 краінах свету дзейнічаюць 439 SOS-Дзіцячых вёсак, 250 SOS-Дзіцячых садоў, 326 SOS-Моладзевых дамоў, 51 SOS-Медыцынскі цэнтр, 162 SOS-школы і 196 SOS-Сацыяльных цэнтраў.

Усе праекты ГА “БФ SOS – Дзіцячая Вёска” здзяйсняюцца за кошт сродкаў міжнароднай дабрачыннай арганізацыі “SOS Кіндэрдорф Інтэрнацыяналь”. SOS-Дзіцячыя вёскі ад самага пачатку сталі народнай мадэллю клопату аб асірацелых дзецях; па ўсім свеце мільёны людзей дабраахвотнымі ўнёскамі дапамагаюць будаваць і ўтрымліваць Дзіцячыя вёскі.

Цешыць той факт, што і беларускі бізнес-сектар уключаецца ў падтрымку сацыяльна значных SOS-праектаў. Мы, напрыклад, за апошні час мелі паспяховы досвед партнёрства з такімі буйнымі кампаніямі, як ЗП “VELCOM”, гіпермаркет BIGZZ і інш.

— Сёлета ў межах Фестывалю AD.NAK! будзе ўручацца антыпрэмія «Каша сувораўская». Яе атрымаюць удзельнікі, якія дашлюць рэкламныя працы, створаныя насуперак гістарычнай логіцы і правілам рэкламнай справы. Як Вы лічыце, ці прынясе гэтая намінацыя карысць беларускай рэкламнай індустрыі?

— Часам любы нестандартны падыход, нават «насуперак», прыводзіць да большай карысці і стратэгічнаму развіцця, чым стандартызаваныя метады. Намінацыя можа стварыць новую плынь і цікавую ідэю ў развіццё рэкламнага бізнэсу.

— Ці задаволеныя Вы арганізацыяй сёлетняга Фестывалю AD.NAK!? Як, на Вашу думку, можна было б палепшыць яго?

— Мы ўпершыню ўдзельнічаем у вашым Фестывалі. І, па-першае, адчуваем зацікаўленасць арганізатараў Фестывалю ў нашай дзейнасці і іх акрэсленую жыццёвую пазіцыю ў дачыненні да тэмы ўмацавання сям’і і папярэджання сацыяльнага сіроцтва. Па-другое, мы бачым прафесійна арганізаваны працэс. І па-трэцяе, нам цікавая сама ідэя беларускамоўнасці фестывалю.

Экспартаваць навіну