Меркаванні

Ната Любецкая: Беларуская мова – гэта асаблiвы настрой

lyubetskaya

Серыя інтэрв’ю са спецыялістамі беларускага рынку рэкламы працягваецца. На пытанне: «Чаму мабільны аператар life:)пачаў размаўляць па-беларуску?» адказала Ната Любецкая, кiраўнiк аддзела маркетынгавых камунiкацый і PR кампаніі life:).

Ната Любецкая пачынала прафісійную кар’еру капiрайтэрам у рэкламным агенцтве Forte, пасля была брэнд-мэнэджэрам кампанii МТС, з 2009 года цалкам прысвяцiла сябе мабiльнаму аператару life:), дзе зараз з’яўляецца кiраўнiком аддзела маркетынгавых камунiкацый i PR. За ўвесь час працы ў рэкламе разам з камандамi беларускіх рэкламшчыкаў выпусціла ў свет больш за 100 рэкламных ролікаў.

- Згодна канцэпцыі, life:) вельмі любіць руйнаваць стэрэатыпы і ўсталёўваць трэнды. Якія стэрэатыпы руйнуе кампанія, выкарыстоўваючы рэкламу на беларускай мове? Якія трэнды ўсталёўвае?

- life:) уважліва сочыць за настроем у беларускім грамадстве – кожная рэкламная кампанія павінна быць своечасовай і ўлічваць гэты настрой.

- life:) выкарыстоўвае беларускамоўную рэкламу, скажыце, які плён дала такая рэклама? Ці змянілі Вы свой уласны падыход да выкарыстання такога інструмента?

- У гэтым годзе мы ўпершыню выкарыстоўвалі беларускую мову ў нашай іміджавай рэкламнай кампаніі. Асновай рэкламнай кампаніі сталі песні на вядомыя беларускія матывы з вершамі на беларускай мове. Мелодыі, знаёмыя і блізкія кожнаму беларусу з дзяцінства, якiя да гэтага часу гучаць на сямейных святах, падкрэслівалі думку аб тым, што life:) – беларускі мабільны аператар, якому ёсць месца ў кожнай беларускай сям’і.

- Існуе кропка погляду, што рэкламу на мове прасцей выкарыстоўваць кампаніям, што працуюць на абмежаваную аўдыторыю, асабіста моладзевую. Ці раздзяляеце Вы такую пазіцыю?

- Магчымасць выкарыстання беларускай мовы ў рэкламе залежыць не ад ўзросту аўдыторыі. Беларускую мову разумеюць усе беларусы, нават калі яны не гавораць на ёй кожны дзень.

- Большасць рэкламадаўцаў тавараў паўсюдзеннага, караткатэрміновага ўжытку мяркуюць, што нельга рабіць рэкламу на беларускай мове, таму што не ўсе спажыўцы яе разумеюць. Ці згодны Вы з такім меркаваннем?

- Беларускую мову разумеюць усе. Але ў рэкламадаўцы на першым месцы заўсёды стаіць пытанне хуткасці ўспрымання і, як вынік, эфектыўнасць камунікацыі. Прадуктовая рэклама, акрамя настрою, заўсёды заключае ў сабе больш складанае паведамленне. Хто хутчэй дакранецца да пакупніка, той і перамог. Пераважная большасць беларусаў, на жаль, гаворыць па-руску, таму водгук аўдыторыі на рэкламу будзе хутчэй, калі звяртацца да яе на мове штодзённага ўжытку.

- Як Вы можаце ацаніць эфектыўнасць рэкламы, выкананай на беларускай мове зыходзячы з Вашага вопыту?

- Беларуская мова – гэта асаблiвы настрой. Выкарыстанне яе ў іміджавых ці сацыяльных рэкламных кампаніях, якiя не нясуць складанай камерцыйнай прапановы, безумоўна, эфектыўна і павiнна быць.

- Што, на Вашу думку, трэба зрабіць, каб рэкламісты і рэкламадаўцы сур’ёзна задумаліся над пытаннем выкарыстання беларускай мовы ў рэкламе?

- А як даўно Вы бачылі добры мастацкі фільм, дубляваны па-беларуску?:) Людзі не павінны шукаць месца, дзе яны могуць пачуць беларускую мову.

- Чаму беларускім рэкламістам, якія робяць рэкламу на беларускай мове, трэба ўдзельнічаць у фестывалі AD.NAK!? Ці не трэба?

- Конкурс, якi праходзіць у сяброўскай пазітыўнай атмасферы, дапамагае ісці наперад.

- У гэтым годзе ў праграме Фестывалю з’явілася новая намінацыю «Каша сувораўская*» – высмейванне непрафесійнага падыходу ў рэкламе. Як Вы ставіцеся да такой намінацыі?

- Неадназначна. На маю думку, для з’яўлення такой намінацыі на рынку павінна быць больш беларускамоўнай рэкламы.

Гутарку вяла Адарка

Экспартаваць навіну