Андрэй Эзерын: «За апошні год рынак рэкламы папоўніўся агрэсіўнай, у добрым сэнсэ, рэкламай на беларускай мове»
На цырымоніі адкрыцця Другога фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі «AD.NAK!» аргкамітэт вырашыў даведацца, чаго, па меркаванню вядучых рэкламістаў Беларусі, не хапала першаму фествалю.
Андрэй Эзерын, дырэктар камунікацыйнага агенцтва EZERIN’COM
— Раскажыце пра сваё агульнае ўражанне ад цырымоніі адкрыцця Другога фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі «AD.NAK!»
— Па-першае, не так шмат падзей, на якіх збіраюцца рэкламісты, іх можна налічыць на пальцах адной рукі. Ужо добра, што адкрыццё фестываля «AD.NAK!» сабрала столькі цікавых людзей. Тое, што тут прысутнічаюць прадстаўнікі вядучых рэкламных агенцый – гэта другое, значыць фестываль беларускамоўнай рэкламы іх зацікавіў. Таму ўражанні ў мяне толькі светлыя, спадзяюся, што гэтая прэзентацыя дасць свой плён. За колькі месяцаў будуць прадстаўлены работы на фестываль, і яны будуць яшчэ больш цікавымі. Спадзяюся, што фестываль атрымае дынамічнае развіццё.
— Вы актыўна назіраеце за рынкам рэкламы, скажыце, якія змены адбыліся ў сегменце беларускамоўнай рэкламы пасля першага фестывалю да сённяшняга дня?
— Адразу пасля пергашага фестывалю «AD.NAK!» пайшоў рух. Праз месяц можна было заўважыць, што нават вельмі сур’ёзныя дзяржаўныя прадпрыемствы пачалі актыўна выкарыстоўваць беларускую мову. За апошні год рынак рэкламы папоўніўся агрэсіўнай, у добрым сэнсэ, рэкламай на беларускай мове. Я бачу, што ёсць плён.
— У гэтым годзе прэзентавалі новую намінацыю «Каша сувораўская» – высмейванне непрафесійнага падыходу ў рэкламе. Як Вы адносіціся да такой намінацыі?
— Падобная намінацыя існуе амаль ва ўсіх прафесійных фестывалях у самых розных краінах. Галоўная мэта гэтай намінацыі – звярнуць увагу на непрафісіяналізм, на нізкую якасць работ. Добра, калі людзі, што працуюць у галіне рэкламы, дзякуючы такой намінацыі, будуць сароміцца нізкай якасці выкананай рэкламы.
— Фестываль стартаваў 15 сакавіка, а скончыцца ён толькі 23 чэрвеня. Скажыце, які ў Вас пажаданні да арганізатараў, чаго Вам не хапае?
— Хацелася, каб павялічылася колькасць работ, каб рэкламісты больш актыўна прымалі ўдзел у такім фестывалі.
Гутарку вяла Адарка
Экспартаваць навіну