Анатоль Аканцінаў: Важна, каб рэклама на беларускай мове была самадастатковай, а не змагалася за актуальнасць
У межах інфармацыйнай праграмы Другога фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі «AD.NAK!» рыхтуецца шэраг інтэрв’ю са спецыялістамі рэкламнага рынку, прафесійнымі маркетолагамі. Прапануем вашай увазе альтэрнатыўнае бачанне на значнасць фестывалю, ніжэй прыведзеныя адказы Анатоля Аканцінава.
Анатоль Аканцінаў, генеральны дырэктар Цэнтра стратэгічнага развіцця «Маркетынгавыя сістэмы», чалец праўлення грамадскага аб’яднання «Гільдыя маркетолагаў».
— Вы пісалі, што рэкламе ў Беларусі не стае спецыфічнага падыходу да ментальнасці беларускага насельніцтва. Скажыце, як Вы ставіцеся да беларускамоўнай рэкламы?
— Беларускамоўная рэклама — вельмі важны інструмент самаідэнтычнасці беларусаў. У сувязі з гэтым да яе трэба падыходзіць вельмі акуратна. Беларуская мова, з аднаго боку, сёння з’яўляецца мовай сельскага жыхара або інтэлігенцыі, з другога — яна ўвасабляе культуру і сутнасць беларускай нацыі. Няслушнае выкарыстанне мовы ў рэкламе можа пагоршыць сітуацыю. А вось пры правільным выкарыстанні можна ўзняць мову і нацыю на новы ўзровень.
Беларускамоўнай рэкламе вельмі важна быць у фарватары ўсіх рэкламных трэндаў і ўжываць беларускую мову ў сучасных, прагрэсіўных ракурсах, пры гэтым па-майстэрску выкарыстоўваючы яе гістарычную спадчыну. Важна, каб кожны беларус ганарыўся сваёй мовай і той рэкламай, якая яе ўжывае.
— Ці здольны фестываль AD.NAK! змяніць думку пра тое, што беларускамоўная рэклама не актуальная ў краіне? Наколькі гэта цікава асабіста Вам?
— Думаю, што не варта прыпыняцца толькі на фестывалі. Фестываль з’яўляецца пастаментам беларускамоўнай рэкламы, яе вітражом. Беларускамоўная рэклама — гэта адзін з кірункаў рэкламы, які мае яшчэ і нацыянальную перавагу. У гэтым ужо яго надзвычайнасць. Пра такую рэкламу варта гаварыць з гонарам, як пра самастойны кірунак, больш за тое, важна, каб рэклама на мове была самадастатковай, а не змагалася за актуальнасць.
— Чаму, на Вашу думку, беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы не рэкламуюць свой тавар на беларускай мове, нават тыя, назва якіх на мове?
— Беларуская мова мае, на жаль, меншую папулярнасць сярод канчатковых спажыўцоў, таму і прасоўванне беларускамоўных брэндаў носіць абмежаваны характар. Аднак такая гандлёвая марка — ужо надзвычайная па сваім гучанні, але каб яе зрабіць больш папулярнай, неабходны крэатыў найвышэйшага гатунку. Вось з гэтым у нас на прадпрыемствах слабавата. На мой погляд, і дзяржава мусіць заахвочваць выкарыстанне беларускамоўных марак для прасоўвання. Я ўжо не кажу пра тыя, што прэзентуюць Беларусь.
— Брэндынг краіны Беларусь… Скажыце, ці не гэта сфера ўжытку беларускай мовы? Наколькі беларускамоўная рэклама можа паўплываць на імідж нашай краіны на замежных рынках?
— Мова — адзін з атрыбутаў нацыі і прасоўвання краіны. Аднак мову трэба ўмела выкарыстаць і пазіцыянаваць, каб яна магла спалучацца і з іншымі мовамі і ментальнасцю замежнай мэтавай аўдыторыі, а таксама падкрэслівала б сваю адметнасць. Я б сказаў, неабходная тонкая, правільная праца з выкарыстаннем беларускай мовы ў рэкламе для прасоўвання Беларусі. Мне вельмі спадабалася адна з конкурсных работ у межах міжнароднай канферэнцыі «Імідж Рэспублікі Беларусь: пазіцыянаванне і прасоўванне гарадоў і рэгіёнаў» у лістападзе мінулага года, дзе адным з канкурсантаў было прадэманстраванае падабенства каранёў беларускіх і англійскіх словаў. Для прасоўвання краіны гэта тонкі падыход!
— Вы часта пішаце, што зацікаўленасць конкурсамі рэкламы ў Беларусі зніжаецца, і Вы хацелі б бачыць новыя падыходы ў гэтым кірунку. Як Вы ацэньваеце фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! з гэтага боку?
— Гаворка ідзе больш пра конкурсы, дзе прадпрыемствы ўдзельнічаюць толькі для самарэкламы. Такія конкурсы праходзяць на камерцыйнай аснове, і не заўсёды намінанты ацэньваюцца аб’ектыўна. Усе конкурсы, урэшце, маюць свой жыццёвы цыкл. Калі казаць пра AD.NAK!, то гэты конкурс па-свойму ўнікальны і стаіць вышэй за ўсе існыя конкурсы, ён праследуе нацыянальныя інтарэсы, гэта конкурс не толькі беларускамоўнай рэкламы і камунікацый, гэта конкурс прасоўвання беларускай нацыі і самаідэнтычнасці беларусаў!
Гутарку вяла Адарка
Экспартаваць навіну