Навіны

Спяшайцеся — і паспееце!

_adn

Прыём работ для ўдзелу ў Другім фестывалі беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! працягнуты да 10 чэрвеня. Аргкамітэт Фестывалю вырашыў даць шанец тым, хто проста фізічна не паспеў даслаць свае творы ў пазначаны тэрмін. Такім чынам, ва ўдзельнікаў, якія думалі, што не паспелі з падачай работаў, з’явіўся шанец уступіць у спаборніцтва за прызы.

Цягам апошніх дзён Аргкамітэт сутыкнуўся з лавінай заявак на ўдзел у Фестывалі AD.NAK! І гэта не можа не радаваць. Калі летась пад канец тэрміну прыёму заявак на ўдзел у намінацыях і конкурсах Фестывалю было пададзена 105 работ ад 59 удзельнікаў, то сёлета арганізатары атрымалі больш за 230 работ. Прычым асноўнай умовай сёлетняга Фестывалю стала немагчымасць удзелу ў ім работ, пададзеных у леташнюю конкурсную праграму. Такім чынам, зыходзячы са статыстыкі заявак на ўдзел у Фестывалі, колькасць беларускамоўных рэкламных працаў за год як мінімум падвоілася.

Як і ў мінулым годзе, найбольшай папулярнасцю сёлета карыстаецца намінацыя «Дызайн & Art Direction«. Акрамя таго, вельмі шмат работ падаецца на конкурсы на найлепшы беларускамоўны слоган, найлепшы рэкламны фотаздымак, а таксама першую ў межах Фестывалю антыпрэмію «Каша сувораўская«.

Арганізатары не памыліліся, калі вырашылі прысвяціць сёлетнюю падзею культурніцкім праектам. Пра гэта кажуць прамежкавыя вынікі аналізу работаў, пададзеных на конкурс. Ужо цяпер у конкурснай праграме ўдзельнічае даволі вялікая колькасць праектаў культурніцкай скіраванасці.

Парадавала Аргкамітэт і намінацыя «Інтэрнэт-рэклама (банеры, прома-сайты, інтэрактыўныя праекты і інш.)«. Калі ў мінулым годзе канкурэнцыі работ, пададзеных у яе, фактычна не было, то цяпер журы ў гэтай намінацыі ўжо ёсць з чаго выбіраць. Зрэшты, сябры Аргкамітэта Фестывалю заклікаюць удзельнікаў у апошнія дні падачы заявак усё ж звярнуць увагу на гэтую намінацыю. На еўрапейскіх фестывалях інтэрактыўныя конкурсы збіраюць вялікую колькасць работ, таму што гэта найбольш перспектыўны камунікацыйны канал прасоўвання брэндаў і гандлёвых марак. Няўжо Беларусь горшая за сваіх суседзяў, а беларусам няма чаго паказаць у галіне інтэрнэт-рэкламы?

Таксама Аргкамітэт Фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! заклікае ўдзельнікаў праявіць актыўнасць і падаць работы ў наступныя намінацыі: «Радыё- і аўдыёрэклама«, «СМІ альбо медыяпраекты«, «Рэкламныя, PR-кампаніі, прома-акцыі ды інш. праекты«. Прадстаўнікі Аргкамітэту ведаюць, што ў гэтых намінацыях беларусам ёсць што паказаць. Дык не трэба саромецца і варта дасылаць свае работы для ўдзелу ў гэтых намінацыях да 10 чэрвеня.

Усе дасланыя на Фестываль работы будуць ацэненыя кампетэнтным журы, склад якога ўжо абвешчаны. Яно вылучыць найлепшыя творы ў кожнай намінацыі.

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў сёлетняга Фестывалю адбудзецца 23 чэрвеня ў Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ё. Раў (IBB) па адрасе: пр. Газеты “Праўда”, 11. На працягу гэтага дня будуць праводзіцца майстар-класы вядучых беларускіх рэкламістаў, круглыя сталы і сустрэчы з удзелам прафесійных гульцоў рэкламнага і камунікацыйнага рынкаў Беларусі. Праграма асноўнага фестывальнага дня будзе абвешчаная найбліжэйшым часам.

Дадатковую інфармацыю аб Фестывалі можна атрымаць на сайце ADNAK.BY, па тэлефонах: +375 29 755-14-34, +375 29 177-01-21, +375 25 978-97-87 альбо праз e-mail adnak@budzma.org.

Экспартаваць навіну