Навіны

Самыя смачныя фотаздымкі на конкурсе «AD.NAK ZНЯТА ТАК!»

adnak_znyata_160

Маеце талент рабіць сапраўды «смачныя» фотаздымкі? Мы жадаем узнагародзіць вас за гэта! У межах Другога Фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! пры падтрымцы ZНЯТА STUDIO праводзіцца фотаконкурс AD.NAK ZНЯТА ТАК!.

 

 

У наш час фатаграфія становіцца адным з асноўных сродкаў камунікацыі. Калі распавядаеш аб прыемным падарожжы ці аб пекнай дзяўчыне альбо адважным хлопцы, немагчыма абысціся без фотаздымкаў. Яшчэ больш прыемна ўбачыць смачна прыгатаваную цёплую бульбу, аздобленую духмяным кропам, альбо збанок свежага сырадою. Смаката!

 

У конкурсе AD.NAK ZНЯТА ТАК! можа прыняць удзел кожны, хто прапануе грамадскасці сапраўды смачныя здымкі. Арганізатары вераць, што конкурс дазволіць адкрыць новыя фотаталенты, а прафесіяналы, дзякуючы яму, змогуць адтачыць сваё майстэрства.

Каб стаць удзельнікам конкурсу, неабходна зарэгістравацца на сайце ў якасці ўдзельніка Фестывалю і запампаваць сваю работу ў раздзеле «Падаць работу» з указаннем літары конкурсу і нумару намінацыі (напрыклад, N-1).

Работы ад удзельнікаў конкурса прымаюцца Аргкамітэтам Фестывалю да 6 чэрвеня 2011 года.

Кожны ўдзельнік можа знайсці намінацыю на свой густ. Ёсць з чаго выбраць:

 

N-1. AD.NAK СМАЧНА ТАК!

Да ўдзелу прымаюцца рэкламныя фотаздымкі прадуктаў харчавання і напояў. Найперш важна, каб ежа і напоі былі знятыя смачна і цікава. Гэта могуць быць як фота асобных прадуктаў, так і пастановачныя нацюрморты. Аднак арганізатары просяць не дасылаць здымкаў тары, у якой прадаецца алкаголь (бутэлькі з этыкеткамі), а таксама не сумяшчаць на адным здымку алкаголь і жывых істотаў, у тым ліку і людзей, бо гэта супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь.

N-2. AD.NAK ЛЮБА ТАК!

Конкурс бьюці- і фэшн-фатаграфіі. Няважна, у якой тэхніцы будуць зробленыя здымкі, галоўнае, каб прыгажосць на іх набірала сок.

N-3. AD.NAK MOЦНА ТАК!

Конкурс фотапраектаў. Да конкурсу запрашаюцца як творчыя, так і камерцыйныя фотапраекты любога тэматычнага зместу. Галоўнае – каб гэта была серыя фатаграфій не менш за 3 (тры) здымкі, аб’яднаных агульным сюжэтам або ідэяй.

Патрабаванні да фотаздымкаў трох адзначаных намінацыях наступныя. Файл павінен быць з пашырэннем tiff, каляровая мадэль – CMYK, разрозненне растравых выяў – не менш за 300 dpi. Доўгі бок не павінен перавышаць 30 см. А абмежаванне аб’ёму файлу ўсталявана ў 10 Мб.

На гэтым намінацыі гэтага конкурсы не заканчваюцца. Варта расказаць пра апошнюю – самую арыгінальную – намінацыю.

N-4. AD.NAK MAБЫЦЬ ТАК!

Пад гэтай назвай хаваецца конкурс ламаграфіі. Ламаграфія – від плёнкавай фатаграфіі, які ставіць сваёй мэтай захаваць на здымках жыццё ва ўсіх яе праявах, мабыць, так як ёсць. Таму заданнем конкурсу будзе ламаграфаванне ўсяго, што знаходзіцца вакол вас. Гэта могуць быць людзі, рэчы, прырода, карацей, усё. Але важна, каб здымкі былі зробленыя на плёнкавую камеру без пост-апрацоўкі. З атрыманых і ўзгодненых журы ломафатаграфій у межах фестывалю будзе выкладзена вялікая ЛОМАсцяна, і цягам галоўнага дня фестывалю арганізавана яе прэзентацыя.

Звяртаем увагу ўдзельнікаў, што да ўдзелу ў гэтай намінацыі прымаюцца толькі адсканаваныя плёнкавыя выявы ў фармаце TIFF памерам 102х 152мм і разрозненнем 300 dpi для друку фатаграфіі на фотапаперы.

Дзеля таго, каб ацаніць майстэрства і патэнцыял кожнага з удзельнікаў, аргкамітэт конкурсу просіць дасылаць работы не менш як у 5 здымках ад кожнага ўдзельніка ў намінацыях N-1, N-2 і N-4. А для ўдзелу ў N-3 AD.NAK MOЦНА ТАК! ад удзельніка неабходна толькі адна серыя з не менш як 3 (трох) і не больш за 7 (сем) здымкаў.

А цяпер пра прызы. У межах кожнай намінацыі запланавана па тры прызавыя месцы. Узнагародамі за іх будуць: магчымасць стажыравацца ў вядучай фотастудыі Беларусі ZНЯТА STUDIO, удзел у рэальных рэкламных праектах, а таксама наведаванне майстар-класаў топавых фатографаў Беларусі і замежжа. А пераможца конкурсу ламаграфіі атрымае дадатковы прыз – знакамітую ЛОМА-камеру DIANA!

Арганізатарамі Фестывалю выступілі агульнанацыянальная культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» і спецыялізаваны рэсурс Marketing.by.

Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефонах:: +375 29 755-14-34, +375 29 177-01-21, +375 25 978-97-87 альбо па e-mail adnak@budzma.org. Уся падрабязная інфармацыя пра Фестываль, яго конкурсную праграму і ўмовы ўдзелу размешчаная на сайце Фестывалю ADNAK.BY.

Экспартаваць навіну