Рэкламісты, маркетолагі і прадстаўнікі СМІ Брэста! Фестываль AD.NAK! запрашае вас на прэзентацыю
Аргкамітэт Другога фестывалю беларускамоўнай рэкламы i камунікацыi AD.NAK! запрашае усіх рэкламістаў, якія працуюць у Брэсце ці Брэсцкай вобласці, узяць удзел у праграме семінараў і прэзентацый, прысвечанай вынікам сёлетняга Фестывалю і асноўным тэндэнцыям на рэкламным рынку Беларусі.
Мерапрыемства разлічанае на спецыялістаў у галіне медыяў і камунікацыі, прадстаўнікоў рэкламных агенцтваў, дызайн-студый, СМІ, аддзелаў маркетынгу кампаній і прадпрыемстваў.
Асноўная мэта – заахвоціць прадстаўнікоў рэкламнага бізнэсу Брэсцкай вобласці да ўдзелу ў Фестывалі і ўвогуле звярнуць іх увагу на тое, што рэклама на беларускай мове можа быць цікавай, крэатыўнай і сучаснай.
Праграма ужо прайшла у г. Гродна (13 кастрычніка) і Магілёве (3 лістапада) і прадэманстравала зацікаўленасць з боку яе удзельнікаў.
Відэа з прэзентацыі ў Гродна
У наступным годзе Фестываль пройдзе ўжо трэці раз, і арганізатары чакаюць шмат работ ад рэгіянальных прадстаўнікоў рэкламнай галіны ў намінацыях і конкурсах.
Са сваімі прэзентацыямі выступяць: Сяргей Скараход, кіраўнік інтэрнэт-праекту Marketing.by(прэзентацыя Фестывалю AD.NAK!, работ яго пераможцаў, а таксама пераможцаў найбольш вядомых сусветных фестываляў рэкламы гэтага года), Андрэй Эзерын, кіраўнік камунікацыйнага агенцтва EZERIN’COM (майстар-клас “Сучасныя трэнды і тэхналогіі пабудовы камунікацыі ў рэкламе і маркетынгу”) а таксама Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская, каардынатары культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” (прэзентацыя брэнда і ўнікальных праектаў кампаніі).
Праграма адбудзецца 16 лістапада у канферэнц-зале гасцініцы “Веста” па адрасе г. Брест, вул. Крупскай, 16. Колькасць удзельнікаў – да 50 чалавек. Удзел БЯСПЛАТНЫ.
ПРАГРАМА:
13.00-14.00 Прэзентацыя Фестывалю AD.NAK!і прагляд работ пераможцаў.
14.00-15.00 Майстар-клас “Сучасныя трэнды і тэхналогіі пабудавання каммунікацыі ў рэкламе і маркетынгу”. Андрэй Эзерын, кіраўнік камунікацыйнага агенцтва EZERIN’COM.
15.00-15.15 Кава-брэйк
15.15-16.15 Прэзентацыя лепшых рэкламных работ – пераможцаў найвядомейшых сусветных фестываляў 2011 года. Сяргей Скараход, кіраўнік інтэрнэт-праекта Marketing.by.
16.15-17.00 Прэзентацыя брэнда і ўнікальных праектаў кампаніі “Будзьма беларусамі!” (працягласць – 40 хвілін). Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская, каардынатары агульнанацыянальнай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”
AD.NAK! – гэта пляцоўка, якая аб’ядноўвае найбольш актыўную і перадавую частку прафесійнага грамадства ў галіне рэкламы, маркетынгу і PR, а яго галоўная мэта – звярнуць увагу прафесійных удзельнікаў рэкламнага рынку, а таксама грамадства Беларусі на рэкламу і іншыя сродкі маркетынгавых камунікацый, выкананых на беларускай мове.
Галоўная адметнасць другога Фестывалю – звярнуць значную ўвагу на работы, скіраваныя на прасоўванне розных культурніцкіх праектаў, якія былі створаныя і прасоўваліся да сваёй аўдыторыі маркетынгавымі інструментамі і шляхамі.
Сёлета Фестываль прайшоў ужо другі раз. У гэтым годзе было атрымана 272 заяўкі ад больш чым 100 удзельнікаў! Праграма фестывалю складалася з 11 намінацый і 5 конкурсаў.
Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць на сайце Фестывалю.
Усе пытанні наконт удзелу можна дасылаць прадстаўніку аргкамітэту Фестывалю па Брэсцкай вобласці Змітру Назараву (тэл: +375 (29) 313-9860, е-mail: adnak@marketing.by). альбо кіраўніку праекту Marketing.by Сяргею Скараходу (тэл.: +375 29 755-1434, 177-0121, 25 978-9787, e-mail: ss@marketing.by).