Не адкладайце на 6 чэрвеня тое, што патрэбна зрабіць раней за 6 чэрвеня!
Не пакідайце падачу работ на Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! на апошнія хвіліны. Да канца прыёму работ засталося ўсяго 6 дзён!
На сёння да Фестывалю ўжо далучыліся 120 удзельнікаў, якія зарэгістраваліся на сайце www.adnak.by. Арганізатары атрымалі звыш за 80 работ, якія будуць змагацца за прызнанне прадстаўнікоў рэкламнага бізнесу і культуры Беларусі, а таксама каштоўныя прызы Аргкамітэту і партнёраў Фестывалю.
Удзел у Фестывалі БЯСПЛАТНЫ. Работы прымаюцца да 6 чэрвеня. Узроставых і тэрытарыяльных абмежаванняў для ўдзелу няма.
Нагадваем, што ўсе зарэгістраваныя карыстальнікі сайта www.adnak.by змогуць прыняць удзел у асноўным дні Фестывалю 23 чэрвеня, падчас якога будуць ладзіцца семінары і майстар-класы вядучых рэкламістаў Беларусі. Праграма семінараў і майстар-класаў будзе абвешчана на гэтым тыдні. Напрыканцы фестывальнага дня пройдзе ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў Фестывалю. Фестываль пройдзе ў бізнес-цэнтры IBB па адрасе: Мінск, праспект газеты Праўда, 11.
Склад журы Фестывалю таксама будзе сфарміраваны ў бліжэйшыя дні, аб чым будзе абвешчана асобна.
Для ўдзельнікаў прапанаваныя разнастайныя намінацыі і шэраг конкурсаў, у якіх могуць праявіць свае сілы як мага больш рэкламістаў (дызайнераў, капірайтэраў, фатографаў і г.д.), якія ствараюць рэкламныя і камунікацыйныя прадукты на беларускай мове.
Галоўная адметнасць сёлетняга Фестывалю – разам са звычайнай рэкламай і PR значная ўвага надаецца работам, скіраваным на прасоўванне розных культурніцкіх праектаў, якія былі створаны і прасоўваліся да сваёй аўдыторыі маркетынгавымі інструментамі і шляхамі. Тэма прасоўвання культурніцкіх праектаў да сваёй аўдыторыі тыдзень таму абмяркоўвалася на круглым стале і звярнула на сябе ўвагу буйнейшых прадстаўнікоў рэкламнай сферы Беларусі, а таксама выклікала бурныя дыскусіі ў інтэрнэце.
Аргкамітэт таксама заклікае ўдзельнікаў звярнуць увагу на наступныя конкурсы, аб’яўленыя ў межах Фестывалю:
- Крэатыўны конкурс маладых рэкламістаў
- Конкурс фотаздымкаў AD.NAK ZНЯТА ТАК!
- Конкурс на найлепшы беларускамоўны слоган
- Конкурс на найлепшае пераагучванне рэкламнага роліка
Таксама ў гэтым годзе тым, хто ігнаруе факты беларускай гісторыі і традыцыі айчыннай культуры ў сваіх рэкламных прадуктах, а таксама дэманструе непрафесійны падыход да стварэння рэкламы, будзе прысуджацца Антыпрэмія «Каша сувораўская». Дасылайце прыклады самай няўдалай, на ваш погляд, беларускай рэкламы на ўдзел ў Фестывалі і не забывайцеся патлумачыць, чым канкрэтна абгрунтоўваецца прыналежнасць таго ці іншага рэкламнага прадукту да намінацыі «Каша сувораўская».
Што трэба зрабіць, каб стаць удзельнікам Фестывалю:
- Выберыце свае лепшыя работы, выкананыя на беларускай мове за апошнія некалькі гадоў, якія не прымалі ўдзелу ў Першым Фестывалі AD.NAK!,
- Прайдзіце рэгістрацыю на сайце Фестывалю Adnak.by
- Абярыце з конкурснай праграмы намінацыю, якая вам пасуе. Адна работа можа падавацца ў некалькі намінацый і, адпаведна, будзе ацэнена рознымі складамі журы па розных крытэрыях.
- Прывядзіце работы ў адпаведнасць з тэхнічнымі патрабаваннямі, адзначанымі ў апісанні конкурсаў.
- Падайце заяўку на сайце Фестывалю ў раздзеле «Падача работы» і запампуйце работу.
- Для ўдзельнікаў падрыхтаваныя разнастайныя конкурсы і намінацыі. У іх можа удзельнічаць кожны ахвочы. Галоўным патрабаваннем да ўдзельнікаў з’яўляецца наяўнасць працы, якую можна прапанаваць да ўвагі журы.
Усе пытанні наконт удзелу можна дасылаць у аргкамітэт Фестывалю па e-mail adnak@budzma.org або высвятляць па тэлефонах +375 29 755-1434, 177-0121, +375 25 978-9787.
Экспартаваць навіну