Навіны

Круглы стол: За мовай — будучыня. І ў рэкламе таксама

_adnak_roundtable_160

У Мінску прайшоў круглы стол па праблеме беларускамоўнай камунікацыі.

Рэкламісты, прадусары, выдаўцы сабраліся на круглы стол, што прайшоў у межах Фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! у галерэі сучаснага мастацтва «Ў», каб знайсці адказ на пытанне: як зрабіць паспяховай і эфектыўнай рэкламу па-беларуску.

У шырокім сэнсе дыскусія датычыла беларускіх культурных праектаў. На Другім фестывалі рэкламы AD.NAK было вырашана вылучыць такія праекты ў асобную катэгорыю. Тэму абазначыў мадэратар круглага стала Сяргей Скараход. “Мы мусім высветліць, якім чынам культурным ініцыятывам выходзіць на аўдыторыю, як будаваць камунікацыю, каб рэалізаваць праект і зацікавіць людзей, бо з гэтым праблема”, — заявіў кіраўнік інтэрнэт-рэсурсу Marketing.by і прапанаваў на абмеркаванне першае пытанне: “Ці стала беларуская мова мовай культурных камунікацый?”.


арт-дырэктар кнігарні “логвінаЎ” Павал Касцюкевіч

Але размова адразу сягнула шырэйшых тэмаў. “Калі робіш беларускамоўны праект, яго аніяк нельга аддзяліць ад палітыкі і сацыяльных адносінаў”, — зазначыў Улад Пятнік, рэдактар інтэрнэт-выдання “Le Monde diplomatique у Беларусі”. Сябра рэдакцыі часопіса “ПрайдзіСвет” Юля Цімафеева і арт-дырэктар кнігарні “логвінаЎ” Павал Касцюкевіч на тое зазначылі, што іх праекты займаюць сваю нішу. Пераклады і кнігі добра разыходзяцца, няхай сабе і не на вялікую аўдыторыю. “А мы наўмысна карыстаемся расійскай мовай, бо спрабуем выйсці за межы краіны”, — выказаўся пра сваю справу кіраўнік фота-праекту Zнята Сяргей Міхаленка.


Раман Арлоў, музычны праект «У нескладовае»


Анатоль Лазар, арт-студыя «Адліга»

Больш-менш сышліся на тым, што мова ў дадзеным выпадку — не першаснае. “Усё залежыць ад цікавасці праекту: чым болей будзе арыгінальных і крэатыўных задумаў па-беларуску, чым больш прафесійным будзе прадукт, тым большай будзе камунікацыя. І прыклады таму ёсць”, — зазначыў Андрэй Эзерын, дырэктар камунікацыйнага агенцтва EZERIN’COM


Дзмітры Вайноўскі і кіраўнік студыі «Zнята» Сяргей Міхаленка

З таго паўстала другое пытанне — “Чаго не стае арганізатарам культурных падзеяў, каб працаваць прафесійна”. “Няма разумення рынку, падзелу абавязкаў. Рэкламіст у нас усе ролі выконвае: ён і дызайнер, і піяршчык, і кампазітар. І гэта адбіваецца на выніку не найлепшым чынам”, — умомант зрэагаваў кіраўнік рэкламнай групы “Адліга” Анатоль Лазар. Прысутныя згадзіліся з тым, што ў беларускіх праектаў бюджэты мізэрныя. Чаго там казаць — Samsung і Renault адмовіліся ад рэкламы па-беларуску ў нашай краіне, як толькі іх прадстаўніцтва змяніла юрыдычную прапіску з Кіева на Маскву: крэатыў, што распрацоўваецца ў Маскве, ідзе і на Мінск. Адаптаваць рэкламу пад нашу краіну і перакладаць слоганы на беларускую палічылі залішняй раскошай. Паказальны прыклад прывяла і каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Ніна Шыдлоўская: адзін яе знаёмы рэкламіст, свядомы і беларускамоўны па жыцці чалавек, на яе пытанне, чаму ён робіць рэкламу толькі на расійскай мове, здзіўлена адказаў: “А я неяк не дадумаўся па-беларуску”.

“Галоўнае — скарыстаць магчымасць: вось Velcom упусціў магчымасць зацвердзіцца ў якасці беларускай кампаніі, а Galina Blanka трывала ўвайшла ў свядомасць са слоганам “З першай лыжкі”, — прывёў прыклад рэкламіст Дзмітры Вайноўскі.

Прыйшлі да таго, што неабходныя лічбы, якімі можна апераваць падчас прыняцця рашэнняў у рэкламнай сферы, каб з дапамогай пэўных паказчыкаў можна было адказаць на пытанні, чаму выгадна рабіць рэкламу па-беларуску, як гэта адаб’ецца на попыце і г.д. Крок у гэтым кірунку будзе зроблены: на Другім фестывалі AD.NAK прадставяць вынікі сацыялагічнага апытання на тэму эфектыўнасці камунікацый па-беларуску.


Сяргей Скараход, marketing.by

Наконт трэцяга пытання дыскусіі было найменш. “Ці ёсць на беларускім рынку гульцы, якія былі б здольныя рабіць прафесійны прадукт па-беларуску”. “Буйныя адназначна не гатовыя, бо беларуская мова ў нас не стала мовай камунікацый. Мы ўнікальная краіна, дзе родная мова не асноўная. Як толькі гэтая праблема вырашыцца, усё з’явіцца, тым больш што патэнцыял ёсць”, — выказаўся дызайнер Алег Усціновіч.

Пры канцы ўдзельнікі дыскусіі спрабавалі назваць самыя гучныя беларускамоўныя праекты, якія паўсталі за апошні год-два. Акрамя галерэі “Ў” згадалі некалькі выдавецкіх праектаў, “адлігаўскую” прадукцыю — і ўсё. Галоўны рэдактар “Комсомольской правды в Беларуси” Галіна Малішэўская назвала яшчэ том беларускага мастака Івана Хруцкага, якога ўдалося ўключыць у калекцыю расійскай “Камсамолкі” — “Вялікія мастакі свету” (кожны том разыходзіцца па Расіі накладам у 100 000), а каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Алена Макоўская — серыю святочных паштовак, якія разышліся ў Беларусі за два дні накладам у 10 000 асобнікаў.

“У нашай інфармацыйнай прасторы пуста. Нават сярод тых, хто робіць сваю справу, няма камунікацыі. Таму асноўная праблема — у саміх стваральніках праектаў, іх малой актыўнасці ў абмене інфармацыі. Не мусіць быць мова дзеля мовы. Мы павінныя падыходзіць да сваёй справы з розумам, і тады нашая сфера будзе квітнець”, — гэтак паспрабаваў падсумаваць вынік дыскусіі Сяргей Скараход.

Экспартаваць навіну