Навіны

Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! распачаў прыём працаў 15 сакавіка

test1

Фестываль AD.NAK! у гэтым годзе атрымаў лагічны працяг і развіццё. Конкурсная праграма фестывалю 2011 года будзе значна пашыраная за кошт новых тэм і кірункаў, якія існуюць на камунікацыйнай прасторы Беларусі.

Другі фестываль AD.NAK! у гэтым годзе мае тлумачальны дадатак — фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі.

Галоўная адметнасць Другога фестывалю: разам са звычайнай рэкламай і PR значная ўвага надаецца працам, скіраваным на прасоўванне розных культурніцкіх праектаў, якія былі створаныя і прасоўваліся да аўдыторыі маркетынгавымі інструментамі і шляхамі.

Такім чынам, апроч рэкламы і прамоцыі, у фестывалі возьмуць удзел іншыя камунікатыўныя праекты, напрыклад, фотапленэры, выставы, выдавецкія, кіна-, відэа-, тэатральныя пастановы і інш. культурніцкія і грамадскія праекты.

Акрамя гэтага, адбор працаў на Другі фестываль і іх ацэнка будуць весціся паводле іншых, больш жорсткіх прафесійных крытэраў, што, безумоўна, павысіць каштоўнасць узнагародаў і перамогаў. Як і ў мінулым годзе, удзел у фестывалі будзе бясплатным.

Збор працаў будзе весціся з 15 сакавіка па 6 чэрвеня. Асноўны фестывальны дзень пройдзе 23 чэрвеня. Цягам гэтага дня будуць ладзіцца майстар-класы вядучых беларускіх рэкламістаў, круглыя сталы і сустрэчы з удзелам прафесійных гульцоў рэкламнага і камунікатыўнага рынкаў Рэспублікі Беларусь. Фіналам стане ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Фестывалю 2011 года.

Па выніках правядзення Фестывалю ў 2010 годзе стала зразумела, што як для спажыўцоў, так і для яе вытворцаў і рэкламных агенцый, рэклама і камунікацыя на беларускай мове цікавыя. Але яны пакуль не з’яўляюцца падмуркам для камунікацыі, а ў сваёй большасці ўспрымаюцца толькі як нейкае вылучэнне з агульнага шэрагу.

Галоўнай мэтай фестывалю AD.NAK! арганізатары лічаць далейшую выпрацоўку нацыянальных прыярытэтаў у рэкламе, пошук новых формаў камунікацыі, адзначэнне найбольш эфектыўных сярод даўно існых, высвятленне, наколькі якасным камунікацыйным інструментам з’яўляецца беларуская мова, наколькі эфектыўнай з’яўляецца нацыянальна арыентаваная рэклама.

Апошнім часам павялічваецца зацікаўленасць рэкламістаў да выкарыстання ў сваіх працах беларускай мовы, аднак да мінулага года амаль ніхто ўсур’ёз не займаўся сістэматызацыяй і аналізам беларускамоўнай рэкламы, — адзначыла на урачыстым мерапрыемстве з нагоды пачатку Другога фестывалю каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Алена Макоўская. На жаль, рэкламадаўцы пакуль збольшага не выкарыстоўваюць вялізны патэнцыял беларускай мовы. Рэклама на беларускай мове часцей за ўсё ўспрымаецца толькі як сродак вылучыцца ў агульным рэкламным шэрагу. Акрамя таго, у рэкламе пакуль слаба выкарыстоўваецца арыентаванасць на нацыянальныя адметнасці і ментальнасць нашага народа”.

Мэтай Першага фестывалю AD.NAK! у 2010 г. было імкненне акрэсліць становішча беларускамоўнай рэкламы на сучасным этапе і сабраць максімальную колькасць працаў і ўдзельнікаў. Таму спаборніцкі акцэнт, які ўласцівы фестывалям рэкламы, быў адсунуты на другі план.

Сёння рэкламы ў яе класічным і чыстым выглядзе робіцца ўсё менш, і часцей за ўсё прафесійныя гульцы гэтага сегменту рынку ўжываюць тэрмін “камунікацыя”, таму што сучасны свет развіваецца і ўдасканальваецца. Сёння на першы план выходзяць эфектыўнасць і пошук новых, крэатыўных формаў камунікацыі, — адзначае Сяргей Скараход, кіраўнік спецыялізаванага рэсурса Marketing.by. — Эра лічбавых тэхналогій (Digital Age) дазваляе брэндам лепей ведаць і разумець свайго спажыўца. І ў гэтай новай камунікацыі значнае месца, безумоўна, належыць мове”.

Значна пашыраная колькасць намінацый у катэгорыі “Інтэрнэт-рэклама”, а таксама “Рэкламныя, PR-кампаніі, прома-акцыі ды інш. праекты”. Гэта зроблена, каб павялічыць колькасць удзельнікаў у гэтых катэгорыях.

Мы звернем адмысловую ўвагу і на новыя медыі: як працуюць на беларускай мове лідары меркаванняў і блогеры, хто з іх самы цікавы, якія яшчэ з’явіліся адметныя прадукты ў гэтым кірунку. Заўважым, што новыя медыі — гэта і электронныя гульні, і інш.”, — дадае Сяргей Скараход.

Сёлета ўпершыню будзе дзейнічаць спецыяльная намінацыя «Беларускаарыентаваная рэклама і камунікацыя», якая звяртае ўвагу на выкарыстанне асаблівасцяў беларускай культуры, гісторыі, традыцый і беларускай ментальнасці (ментальнасці беларусаў). Гэтая намінацыя ўведзеная для рускамоўных ці часткова рускамоўных працаў. Галоўная мэта намінацыі — заахвоціць тых, хто імкнецца распрацоўваць тэму беларускаментальнай рэкламы.

Для тых, хто абыякава ставіцца да сваіх каранёў, будзе дзейнічаць антыпрэмія «Каша сувораўская», якая вызначыць найбольш непрафесійныя працы і падыходы ў рэкламе.

Удзельнікамі Фестывалю могуць быць як прафесійныя гульцы рэкламнага рынку (рэкламныя агенцыі, студыі, СМІ ды інш.), так і асобныя аўтары, фрылансеры і грамадскія аб’яднанні. Узроставых і тэрытарыяльных абмежаванняў няма.

Арганізатары ўпэўненыя, што Другі фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! стане пляцоўкай, якая аб’яднае найбольш актыўную і перадавую частку прафесійнага грамадства ў галіне рэкламы, маркетынгу і PR, а яго галоўная мэта — звярнуць увагу прафесійных удзельнікаў рэкламнага рынку, а таксама грамадства Беларусі на рэкламу, выкананую на беларускай мове.

Працы ад удзельнікаў прымаюцца Аргкамітэтам фестывалю па адрасах: adnak@budzma.org і adnak@marketing.by з 15 сакавіка па 6 чэрвеня 2011 года.

Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефонах: +375 29 755-14-34, +375 29 177-01-21, +375 25 978-97-87 альбо па e-mail adnak@budzma.org. Уся падрабязная інфармацыя пра Фестываль, яго конкурсную праграму і ўмовы ўдзелу змешчаная на сайце Фестывалю ADNAK.BY.

Экспартаваць навіну