Навіны

Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! ідзе ў рэгіёны

Tarantino.by_AdnakGrodno-8468

Другі Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! распачаў серыю рэгіянальных прэзентацый. Першая з іх адбылася 13 кастрычніка ў Гродне. Узяць удзел у праграме семінараў, прысвечанай вынікам сёлетняга AD.NAK-2 і асноўным тэндэнцыям на рэкламным рынку Беларусі і ў свеце, былі запрошаныя рэкламісты, дызайнеры і вольныя мастакі Гарадзеншчыны.

 

Галоўным партнёрам рэгіянальных прэзентацый AD.NAK! стала кампанія “Атлант-М Вест”, імпарцёр Ford у Рэспубліцы Беларусь. Партнёрам прэзентацыі ў Гродне выступіла паліграфічная кампанія “Зебра”.

 

Асноўная мэта правядзення такіх сустрэч – заахвоціць прадстаўнікоў рэкламнага бізнэсу Гарадзеншчыны да ўдзелу ў Фестывалі і ўвогуле звярнуць іх увагу на тое, што рэклама на беларускай мове можа быць цікавай, крэатыўнай і сучаснай. Работы пераможцаў першага і другога фестываляў, якія былі паказаныя ўдзельнікам падчас прэзентацыі, гэта пацвярджаюць.

“Рост колькасці ўдзельнікаў удвая і рост заявак амаль у тры разы за адзін год – вельмі добры паказчык,  – кажа Алена Макоўская, адзін з арганізатараў Фестывалю, каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі! – Падчас падрыхтоўкі Другога фестывалю вялікую зацікаўленасць выказалі рэгіянальныя рэкламісты. Але не ўсе здолелі даехаць да сталіцы. Менавіта таму мы вырашылі зрабіць серыю прэзентацый у рэгіёнах – каб людзі маглі абмеркаваць актуальныя пытанні беларускай рэкламы “не адыходзячы ад касы“.

 

У наступным годзе Фестываль пройдзе ўжо трэці раз, і арганізатары чакаюць шмат работ ад рэгіянальных прадстаўнікоў рэкламнай галіны ў намінацыях і конкурсах.

 

“Мы упэўненыя, што рэгіянальныя рэкламісты робяць шмат работ на беларускай мове, але яны з розных прычынаў не бачныя сярод прадстаўнікоў прафесійнай суполкі, таму і вырашылі падрабязна расказаць пра Фестываль, – азначае Сяргей Скараход, кіраўнік праекту Marketing.by. – Акрамя гэтага, трэба ўпэўніць рэкламістаў, якія жадаюць рабіць свае работы на беларускай мове, што яны могуць паспрабаваць свае сілы ў розных конкурсах, якія ладзяцца аргкамітэтам падчас падрыхтоўкі Фестывалю.

 

Са сваімі прэзентацыямі выступілі: Сяргей Скараход, кіраўнік інтэрнэт-праекту Marketing.by (прэзентацыя Фестывалю AD.NAK! і пераможцаў найбольш вядомых сусветных фестываляў рэкламы гэтага года), Андрэй Эзерын, кіраўнік камунікацыйнага агенцтва EZERIN’COM (майстар-клас “Сучасныя трэнды і тэхналогіі пабудовы камунікацыі ў рэкламе і маркетынгу”) а таксама Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская, каардынатары культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” (прэзентацыя брэнда і ўнікальных праектаў кампаніі).

Найбольшую цікавасць выклікала тэма сацыяльных сетак у сучаснай рэкламе, якую закрануў у сваім майстар-класе Андрэй Эзерын. Менавіта гэтай тэме была прысвечаная большасць пытанняў аўдыторыі. Людзі актыўна абмяркоўвалі сучасную камунікацыю, рост значнасці інтэрнэт-рэкламы і хуткую зменлівасць усяго рынку. Стасункі спікераў са слухачамі умацоўваліся ўзаемнымі абяцаннямі працягваць камунікацыю надалей. Праз акаўнты на фэйсбуку, безумоўна.

Экспартаваць навіну