Навіны

Другі фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! едзе ў Магілёў

tarantinoby-adnak-6118

Аргкамітэт Другога фестывалю беларускамоўнай рэкламы i камунікацыi AD.NAK! запрашае усіх рэкламістаў, якія працуюць у Магілеве ці Магілёўскай вобласці, узяць удзел у праграме семінараў і прэзентацый, прысвечанай вынікам сёлетняга Фестывалю і асноўным тэндэнцыям на рэкламным рынку Беларусі.

 

Мерапрыемства разлічанае на спецыялістаў у галіне медыяў і камунікацыі, прадстаўнікоў рэкламных агенцтваў, дызайн-студый, СМІ, аддзелаў маркетынгу кампаній і прадпрыемстваў.

 

Асноўная мэта – заахвоціць прадстаўнікоў рэкламнага бізнэсу Магілёўскай вобласці да ўдзелу ў Фестывалі і ўвогуле звярнуць іх увагу на тое, што рэклама на беларускай мове можа быць цікавай, крэатыўнай і сучаснай.

 

Праграма ужо прайшла у г. Гродна 13 кастрычніка і прадэманстравала зацікаўленасць з боку яе удзельнікаў. Прэзентацыя акрамя Гродна і Магілёва пройдзе яшчэ у Брэсце

 

“Рост колькасці ўдзельнікаў удвая і рост заявак амаль у тры разы за адзін год – вельмі добры паказчык,  – кажа Алена Макоўская, адзін з арганізатараў Фестывалю, каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі! – Падчас падрыхтоўкі Другога фестывалю вялікую зацікаўленасць выказалі рэгіянальныя рэкламісты. Але не ўсе здолелі даехаць да сталіцы. Менавіта таму мы вырашылі зрабіць серыю прэзентацый у рэгіёнах – каб людзі маглі абмеркаваць актуальныя пытанні беларускай рэкламы “не адыходзячы ад касы“.


У наступным годзе Фестываль пройдзе ўжо трэці раз, і арганізатары чакаюць шмат работ ад рэгіянальных прадстаўнікоў рэкламнай галіны ў намінацыях і конкурсах.

 

“Мы упэўненыя, што рэгіянальныя рэкламісты робяць шмат работ на беларускай мове, але яны з розных прычынаў не бачныя сярод прадстаўнікоў прафесійнай суполкі, таму і вырашылі падрабязна расказаць пра Фестываль, – азначае Сяргей Скараход, кіраўнік праекту Marketing.by. – Акрамя гэтага, трэба ўпэўніць рэкламістаў, якія жадаюць рабіць свае работы на беларускай мове, што яны могуць паспрабаваць свае сілы ў розных конкурсах, якія ладзяцца аргкамітэтам падчас падрыхтоўкі Фестывалю.


 

Са сваімі прэзентацыямі выступяць: Сяргей Скараход, кіраўнік інтэрнэт-праекту Marketing.by (прэзентацыя Фестывалю AD.NAK!, работ яго пераможцаў, а таксама пераможцаў найбольш вядомых сусветных фестываляў рэкламы гэтага года), Андрэй Эзерын, кіраўнік камунікацыйнага агенцтва EZERIN’COM (майстар-клас “Сучасныя трэнды і тэхналогіі пабудовы камунікацыі ў рэкламе і маркетынгу”) а таксама Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская, каардынатары культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” (прэзентацыя брэнда і ўнікальных праектаў кампаніі).

 

Праграма адбудзецца 3 лістапада у канферэнц-зале гасцініцы “Магілёў” па адрасе пр-т Міра, 6. Колькасць удзельнікаў – да 50 чалавек. Удзел БЯСПЛАТНЫ.

 

ПРАГРАМА:

 

13.00-14.00 Прэзентацыя Фестывалю AD.NAK! і прагляд работ пераможцаў.

14.00-15.00 Майстар-клас “Сучасныя трэнды і тэхналогіі пабудавання каммунікацыі ў рэкламе і маркетынгу”. Андрэй Эзерын, кіраўнік камунікацыйнага агенцтва EZERIN’COM.

15.00-15.15 Кава-брэйк

15.15-16.15 Прэзентацыя лепшых рэкламных работ – пераможцаў найвядомейшых сусветных фестываляў 2011 года. Сяргей Скараход, кіраўнік інтэрнэт-праекта Marketing.by.

16.15-17.00 Прэзентацыя брэнда і ўнікальных праектаў кампаніі “Будзьма беларусамі!” (працягласць – 40 хвілін). Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская, каардынатары агульнанацыянальнай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!

17.00–18.00 Келіх шампанскага, нефармальныя зносіны.

 

 

Пра Фестываль:

AD.NAK! – гэта пляцоўка, якая аб’ядноўвае найбольш актыўную і перадавую частку прафесійнага грамадства ў галіне рэкламы, маркетынгу і PR, а яго галоўная мэта – звярнуць увагу прафесійных удзельнікаў рэкламнага рынку, а таксама грамадства Беларусі на рэкламу і іншыя сродкі маркетынгавых камунікацый, выкананых на беларускай мове.

 

Галоўная адметнасць другога Фестывалю – звярнуць значную ўвагу на работы, скіраваныя на прасоўванне розных культурніцкіх праектаў, якія былі створаныя і прасоўваліся да сваёй аўдыторыі маркетынгавымі інструментамі і шляхамі.

 

Сёлета Фестываль прайшоў ужо другі раз. У гэтым годзе было атрымана 272 заяўкі ад больш чым 100 удзельнікаў! Праграма фестывалю складалася з 11 намінацый і 5 конкурсаў.

 

Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць на сайце Фестывалю.

 

Усе пытанні наконт удзелу можна дасылаць прадстаўніку аргкамітэту Фестывалю па Магілёўскай вобласці Змітру Антончыку (тэл: +375 29 102-6870, е-mail: adnak@marketing.by). альбо кіраўніку праекту Marketing.by Сяргею Скараходу (тэл.: +375 29 755-1434, 177-0121, 25 978-9787, e-mail: ss@marketing.by).

 

Экспартаваць навіну