Да канца прыёма работ на Фестываль AD.NAK! засталося два тыдні
На дадзены момант на сайце Фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! зарэгістравана больш за 90 удзельнікаў, пададзена каля 40 работ. Як і чакалі арганізатары, найбольшая колькасць работ пададзена ў намінацыі «Дызайн & Art Direction», «Сацыяльная рэклама» і ў новую намінацыю Фестывалю – антыпрэмію «Каша сувораўская».
Аргкамітэт таксама заклікае ўдзельнікаў звярнуць увагу на конкурсы, аб’яўленыя ў межах Фестывалю для дызайнераў, капірайтэраў, фатографаў, а таксама ўсіх, каму цікава паспрабаваць свае сілы на ніве рэкламы:
- Крэатыўны конкурс маладых рэкламістаў
- Конкурс фотаздымкаў AD.NAK ZНЯТА ТАК!
- Конкурс на найлепшы беларускамоўны слоган
- Конкурс на найлепшае пераагучванне рэкламнага роліка
Фестываль у якасці генеральнага партнёра падтрымаў вядучы беларускі партал TUT.BY. Таксама ён стаў партнёрам намінацыі «E. Інтэрнэт-рэклама (банеры, прома-сайты, інтэрактыўныя праекты і інш.)», у межах якой, акрамя прызоў аргкамітэта, для пераможцаў і фіналістаў будуць прадуглежданы прызы ад парталу. Нагадваем, што ў гэтай намінацыі могуць удзельнічаць беларускамоўныя версіі камерцыйных і некамерцыйных сайтаў, парталаў, інфармацыйных рэсурсаў і г.д.
Работы прымаюцца да 6 чэрвеня. Удзел у Фестывалі БЯСПЛАТНЫ.
Нагадваем, што ўсе зарэгістраваныя карыстальнікі сайта www.adnak.by змогуць прыняць удзел у асноўным дні Фестывалю 23 чэрвеня, падчас якога будуць ладзіцца семінары і майстар-класы вядучых рэкламістаў Беларусі, а таксама пройдзе ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў Фестывалю.
Удзельнікамі Фестывалю могуць быць як прафесійныя гульцы рэкламнага рынку (рэкламныя агенцтвы, студыі, СМІ ды інш.), так і асобныя аўтары, фрылансеры і грамадскія аб’яднанні. Узроставых і тэрытарыяльных абмежаванняў для ўдзелу няма.
Што трэба зрабіць, каб стаць удзельнікам фестывалю:
- Выберыце свае лепшыя работы, выкананыя на беларускай мове за апошнія некалькі гадоў, якія не прымалі ўдзелу ў Першым Фестывалі AD.NAK!,
- Прайдзіце рэгістрацыю на сайце Фестывалю Adnak.by
- Абярыце з конкурснай праграмы намінацыю, якая вам пасуе. Адна работа можа падавацца ў некалькі намінацый і, адпаведна, будзе ацэнена рознымі складамі журы па розных крытэрыях.
- Прывядзіце работы ў адпаведнасць з тэхнічнымі патрабаваннямі, адзначанымі ў апісанні конкурсаў.
- Падайце заяўку на сайце Фестывалю ў раздзеле «Падача работы» і запампуйце работу.
- Для ўдзельнікаў падрыхтаваныя разнастайныя конкурсы і намінацыі. У іх можа удзельнічаць кожны ахвочы. Галоўным патрабаваннем да ўдзельнікаў з’яўляецца наяўнасць працы, якую можна прапанаваць да ўвагі журы.
Усе пытанні наконт удзелу можна дасылаць у аргкамітэт Фестывалю па e-mail adnak@budzma.org або высвятляць па тэлефонах +375 29 755-1434, 177-0121, +375 25 978-9787.
Экспартаваць навіну