Беларуская рэклама: з Захаду на Усход. Фестываль AD.NAK! у Магілёве
Другі фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! працягвае серыю рэгіянальных прэзентацый. Пасля візіту ў Горадню фэст выправіўся на ўсход краіны, у Магілёў, дзе 3 лістапада адбылася другая прэзентацыя фестывалю. Цягам дня найлепшыя рэкламісты Магілёўшчыны ўдзельнічалі ў праграме семінара па выніках сёлетняга AD.NAK-2 і асноўных тэндэнцыях на рэкламным рынку Беларусі і свету.
Партнёрам прэзентацыі ў Магілёве выступіла паліграфічная кампанія “Прыгожыя рашэнні”. Кампанія “Атлант-М Вест”, імпарцёр Ford у Рэспубліцы Беларусь – галоўны партнёр усіх рэгіянальных прэзентацый AD.NAK! у 2011 годзе.
AD.метнасцю другой сустрэчы стала тэма “заходнебеларускай” і “ўсходнебеларускай” рэкламістыкі, якую актыўна абмяркоўвалі ў кулуарах за келіхам шампанскага пасля асноўнай часткі. Вялікую зацікаўленасць выклікала тэма сацыяльных сетак, супрацьстаянне Facebook і “Вконтакте” ды роля “Аднакласнікаў” і “Всети.бай” у сучаснай рэкламе ў Беларусі. Высновай дыскусіі стала агульная згода з тым, што праблемы і тэндэнцыі айчыннай рэкламістыкі аднолькавыя для ўсіх рэгіёнаў, а патэнцыял беларускай рэкламы цікавы менавіта сваёй нацыянальнай кампанентай.
“Натуральна, што ў кожным рэгіёне свой каларыт, свае традыцыі і, адпаведна, свая рэкламістыка і “правілы гульні” ў ёй, – кажа Ніна Шыдлоўская, адзін з арганізатараў Фестывалю, каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі! – Зацікаўленасць у актыўным выкарыстанні менавіта беларускіх мадэляў у рэкламе аднолькавая і на Усходзе, і на Захадзе. Пытанне нейкага “супрацьстаяння” абсалютна надуманае. Ездзячы па рэгіёнах, мы бачым хутчэй кансалідацыю рэкламістаў. Кансалідацыю ў сваёй празе да беларусацэнтрычнай рэкламы“.
У 2012 годзе Фестываль пройдзе ўжо трэці раз, і актыўнасць рэгіянальных рэкламістаў на семінарах дае арганізатарам падставы чакаць павелічэння колькасці работ ад прадстаўнікоў рэкламнай галіны ў намінацыях і конкурсах.
“Я бачу, што рэгіянальныя рэкламісты робяць шмат работ з прыцэлам на свой рэгіён на беларускай мове, але ўсё адно кожны робіць яе адпаведна сваім рэаліям, – азначае Андрэй Эзерын, кіраўнік камунікацыйнага агенцтва EZERIN’COM. – Вельмі часта сталічныя маркетолагі робяць памылку, думаючы, што ўсю краіну можна ахапіць аднатыпнай рэкламай. Як катком праехацца і сарваць вялікі куш. Гэта не так, бо лакальнага таргецінгу ніхто не адмяняў. Беларуская камунікацыя? Так, але ж беларускасць у кожнага рэгіёна свая – і гэта трэба заўжды ўлічваць”.
З прэзентацыямі выступілі: Сяргей Скараход, кіраўнік інтэрнэт-праекту Marketing.by (прэзентацыі Фестывалю AD.NAK! і пераможцаў найбольш вядомых сусветных фестываляў рэкламы гэтага года), Андрэй Эзерын, кіраўнік камунікацыйнага агенцтва EZERIN’COM (майстар-клас “Сучасныя трэнды і тэхналогіі пабудовы камунікацыі ў рэкламе і маркетынгу”) а таксама Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская, каардынатары культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” (прэзентацыя брэнда і ўнікальных праектаў кампаніі).
Экспартаваць навіну