Навіны

5 простых крокаў, каб прыняць удзел у фестывалі AD.NAK!

__adnak

Удзельнікамі Фестывалю могуць быць як прафесійныя гульцы рэкламнага рынку (рэкламныя агенцтвы, студыі, СМІ ды інш.), так і асобныя аўтары, фрылансеры і грамадскія аб’яднанні. Узроставых і тэрытарыяльных абмежаванняў для ўдзелу няма. Работы прымаюцца да 6 чэрвеня. Удзел у фестывалі з’яўляецца БЯСПЛАТНЫМ.

Што трэба зрабіць, каб стаць удзельнікам фестывалю:

  1. Выберыце свае лепшыя работы, выкананыя на беларускай мове за апошнія некалькі гадоў, якія не прымалі ўдзелу ў Першым Фестывалі AD.NAK!,
  2. Прайдзіце рэгістрацыю на сайце Фестывалю Adnak.by
  3. Абярыце з конкурснай праграмы намінацыю, якая вам пасуе. Адна работа можа падавацца ў некалькі намінацый і, адпаведна, будзе ацэнена рознымі складамі журы па розных крытэрыях.
  4. Прывядзіце работы ў адпаведнасць з тэхнічнымі патрабаваннямі, адзначанымі ў апісанні конкурсаў.
  5. Падайце заяўку на сайце Фестывалю ў раздзеле «Падача работы» і запампуйце работу.

Для ўдзельнікаў падрыхтаваныя разнастайныя конкурсы і намінацыі. У іх можа удзельнічаць кожны ахвочы. Галоўным патрабаваннем да ўдзельнікаў з’яўляецца наяўнасць працы, якую можна прапанаваць да ўвагі журы.

У конкурснай праграме Фестывалю могуць прыняць удзел:

  • рэкламныя прадукты і камунікацыйныя праекты, створаныя і рэалізаваныя на беларускай мове за апошнія некалькі гадоў. Неабходна, каб яны не ўдзельнічалі ў Першым Фестывалі AD.NAK!;
  • падрыхтаваныя і створаныя канцэпты і ідэі, якія не знайшлі практычнай рэалізацыі;
  • грамадсказначныя праекты ў галіне мастацтва і культуры: фестывалі, канцэрты, выставы, галерэі, культурныя мерапрыемствы, спартыўныя мерапрыемствы, вечарыны, тэатральныя пастаноўкі, забаўляльныя праекты, кнігі, фільмы, DVD, CD з запісамі і г.д.;
  • рэкламныя прадукты, якія ў аснове сваіх канцэптаў ужываюць асаблівасці беларускай культуры, гісторыі, традыцый і беларускай ментальнасці (ментальнасці беларусаў), беларускія «маркёры» без прывязкі прадукту да мовы.

Арыгіналы работ (паштоўкі, календары, постэры, буклеты, і інш.), а таксама дыскі з конкурснымі работамі трэба даслаць па адрасе: 220030, Рэспубліка Беларусь, г. Мінск, вул. Няміга, 5, 3 паверх, частка офіснага памяшкання №21б, з паметкай «У Аргкамітэт Фестывалю AD.NAK!»

Удзел у фестывалі БЯСПЛАТНЫ.

Работы ад удзельнікаў прымаюцца Аргкамітэтам Фестывалю да 6 чэрвеня 2011 года. Вынікі фестывалю будуць падведзеныя на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання 23 чэрвеня 2011 года. Таксама ў гэты дзень будуць праходзіць бясплатныя майстар-класы і семінары вядучых рэкламістаў Беларусі для ўсіх зарэгістраваных удзельнікаў фестывалю.

Ініцыятарам правядзення Фестывалю з’яўляецца культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!», якая стварае і падтрымлівае мерапрыемствы, накіраваныя на развіццё беларускай нацыянальнай самаідэнтыфікацыі.

Арганізацыйны партнёр фестывалю ‑ спецыялізаваны інтэрнэт-рэсурс Marketing.by.

Усе пытанні наконт удзелу можна дасылаць у аргкамітэт Фестывалю па e-mail adnak@budzma.org або высвятляць па тэлефонах +375 29 755-1434, 177-0121, +375 25 978-9787.

Экспартаваць навіну