Навіны

Што беларусы думаюць пра беларускую мову?

_160

Як часта беларусы выкарыстоўваюць беларускую мову, наколькі добра яны яе ведаюць? А наколькі часта ім прыходзіцца стасавацца з беларускай мовай у штодзённым жыцці? І што ўвогуле жыхары Беларусі думаюць пра беларускую мову? Адказы на гэтыя пытанні – у адмысловым даследаванні кампаніі МАСМІ, прымеркаваным да сёлетняга Фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK!.

Прэзентацыю з вынікамі даследавання прапанавала ўдзельнікам Фестывалю на адным з семінараў дырэктар міжнароднага агенцтва маркетынгавых даследаванняў МАСМІ Таццяна Лісіцкая. Але тыя, хто не мелі магчымасці папрысутнічаць на гэтай найцікавейшай прэзентацыі, могуць яе пабачыць на сайце Другога фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK!

Згодна з вынікамі даследвання, праведзенага ў мінулым годзе, беларускую мову назвалі роднай 60% жыхароў рэспублікі, аднак размаўляе на ёй толькі 30% насельніцтва.

Вынікі даследавання, праведзенага МАСМІ, паказалі, што найбольш актыўна родная мова выкарыстоўваецца дома. Прыблізна аднолькава часта яна служыць сродкам зносінаў у стасунках з сябрамі і калегамі, а крыху радзей – у навучальнай установе.

Найбольш актыўныя беларускамоўныя грамадзяне жывуць у Мінскай і Гродзенскай абласцях. Найменш актыўна тытульнай мовай беларускай нацыі карыстаюцца ў Віцебскім рэгіёне.

33% рэспадэнтаў, якія прынялі ўдзел у даследаванні, ацэньваюць сваю здольнасць разумець беларускую мову на 5 балаў з пяці, 31,8% – на 4 балы. Здольнасць жа размаўляць на беларускай мове на 5 балаў ацэньваюць толькі 12,3% рэспандэнтаў. Большасць апытаных – 34% – ацэньваюць сваю здольнасць размаўляць на беларускай мове толькі на 3 балы з 5. Цікава, што сваю здольнасць і разумець, і размаўляць па-беларуску схільныя ацэньваць вышэй жанчыны.

Як адзначылі апытаныя, найбольш часта беларускую мову яны чуюць па тэлебачанні (2,91% апытаных), па радыё (2,83%), у прэсе (2,53%) і ў інтэрнеце (1,94%). Да выкарыстання беларускай мовы ў гэтых каналах інфармацыі рэспандэнты ставяцца аднолькава.

З больш падрабязнымі вынікамі даследавання вы можаце пазнаёміцца на сайце арганізатара Фестывалю AD.NAK! – парталу Marketing.by, альбо ў адмысловай прэзентацыі Таццяны Лісіцкай.

Экспартаваць навіну