Меркаванні

Улад Савельеў: Падвысіць эфектыўнасць рэкламы, проста змяніўшы мову камунікацыі, нельга

Savelieu_160x160

Досвед у працы рэкламіста — гэта, бадай, самае галоўнае. Менавіта да такіх людзей звяртаюцца па парады пачаткоўцы і нават прафесіяналы. Мы прапануем вашай увазе адказы на пытанні Аргкамітэта Другога фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! Улада Савельева. Цяпер ён галава крэатыўнай групы агенцтва BBDO EFECTA. Да гэтага ён 5 гадоў працаваў у РА “Крынь”, а пасля яшчэ год у Smart Group Ogilvy Belarus.

— Улад, Вы актыўна назіраеце за рынкам рэкламы, скажыце, якія змены адбыліся ў сегменце беларускамоўнай рэкламы пасля Першага фестывалю беларускамоўнай рэкламы AD.NAK? Ці стала яе больш?

— Шчыра кажучы, ніякага жадання назіраць за такім рэкламным рынкам няма. Больш усё ж такі цікавяць сусветныя яскравыя прыклады. Я не гляджу дзяржаўныя тэлеканалы, бо нічога цікавага там няма, а таму і няма самой медыяпрасторы, для якой ствараліся б якасныя рэкламныя працы. Хіба праглядаю “шэдэўры”: “Ваша лато” ды “Суперлато”. Беларускамоўнай рэкламы як дагэтуль не было, так і цяпер няма. Шкада.

— Сёлета арганізатары прэзентавалі новую намінацыю «Каша сувораўская» — высмейванне непрафесійнага падыходу ў рэкламе. Як Вы ставіцеся да такой намінацыі?

— Безумоўна, такая намінацыя патрэбная. Лепш вучыцца на памылках іншых, чым рабіць свае. Ну і яшчэ хацелася б агучыць думку, якая дапамагае жыць: “Адмоўны досвед гэта таксама досвед”.

— Існуе пункт гледжання, што рэкламу на мове прасцей выкарыстоўваць кампаніям, якія працуюць на абмежаваную аўдыторыю, асабліва моладзевую. Ці падзяляеце Вы такую пазіцыю?

— Не, я так не лічу. Проста моладзь больш актыўная ды адкрытая да ўсяго новага. Яна добра разумее і беларускую мову, і рускую, а цяпер ужо і ангельскую. Калі рэклама зробленая якасна, на патрэбных інсайтах, яна спрацуе ў любым выпадку, на якой мове б вы ні гаварылі.

— Большасць рэкламадаўцаў тавараў штодзённага, кароткатэрміновага ўжытку мяркуюць, што нельга рабіць беларускамоўную рэкламу, таму што не ўсе спажыўцы яе разумеюць. Ці згодныя Вы з такім меркаваннем?

— Безумоўна, не згодзен. Аднойчы мы з сябрамі прыйшлі да думкі, што ўсе мы “ананімныя беларусы”, як “ананімныя алкаголікі”… Большасць беларусаў ведае і разумее родную мову, яны проста не выкарыстоўваюць яе ў жыцці. І час ад часу, калі звяртаешся да людзей па-беларуску, то і адказваюць табе па-беларуску, а потым зноў пераходзяць на рускую. На працоўных месцах, у горадзе мы проста не карыстаемся роднай мовай, а калі прыязджаем да бацькоў на вёску, аўтаматычна пераходзім на мову продкаў. А паколькі беларусы нармальна ўспрымаюць сваю мову, то і якасная рэклама на беларускай мове абавязкова будзе працаваць і прыносіць карысць сваім замоўцам.

— Як Вы можаце ацаніць эфектыўнасць беларускамоўнай рэкламы, зыходзячы з Вашага досведу?

— Цяжка даваць ацэнку таму, чаго амаль няма. Няма рэкламы рускамоўнай ды беларускамоўнай. Цяпер ёсць толькі некаторыя выпадкі рэкламы на беларускай мове, брэндаў, у пазіцыянаванні якіх дакладна значыцца: “беларускі брэнд з беларускай легендай і камунікацыяй”. Такі прыклад квас “Хатні”: сапраўды якасная рэклама + якасны прадукт = шалёная колькасць продажаў. Адсюль і выснова: вы ніколі не падвысіце эфектыўнасць рэкламы, проста змяніўшы мову камунікацыі.

— Калі Вы самі ствараеце работы на беларускай мове, што Вамі кіруе? Чаго Вы чакаеце ў выніку?

— Замоўцаў беларускамоўнай рэкламы, на маю думку, цяпер не існуе зусім. Час ад часу, калі прадукт дазваляе, то бок ёсць поле, на якім можна гуляць, мы прапаноўваем кліентам зрабіць беларускамоўную кампанію, але звычайна чуем адказ: “Не, ну, можа, не цяпер, паглядзім далей”. Застаецца сацыяльная рэклама, тут магчымасцяў значна болей, але ўсё роўна, калі такія праекты ўзнікаюць, то я звычайна раблю і рускі, і беларускі варыянт тэксту. Нехта заўважыць працу на адной мове, нехта на другой. Як на мяне, галоўнае каб яна карысць прыносіла.

— Скажыце, якія ў Вас пажаданні да арганізатараў Фестывалю AD.NAK!, чаго Вам не хапае? Што хацелі б дадаць?

— Запрашайце на свае мерапрыемствы больш кліентаў, хай яны бачаць, што не ўсё так дрэнна, што можна эфектыўна працаваць і з беларускай мовай. А калі ў рэкламных агенцтваў будзе больш замоўцаў менавіта беларускамоўнай рэкламы, то мы з вялікім задавальненнем будзем цешыць вас якаснымі “канскімі” ролікамі на роднай мове.

Экспартаваць навіну