Меркаванні

Ніна Шыдлоўская: «Каша сувораўская павінна выклікаць найперш добрую шчырую ўсмешку»

_nina

Намінацыя «Каша сувораўская» мае стаць адной з самых цікавых падчас сёлетняга фестывалю AD.NAK!. Аб тым, дзеля чаго яна была створаная і што чакаюць ад намінацыі арганізатары фестывалю, расказвае каардынатар культурніцкай кампаніі «Будзьма» Ніна Шыдлоўская.

– Ніна, якія мэты ставяцца ініцыятарамі намінацыі «Каша сувораўская» кампаніяй «Будзьма»?

– Гэтая прэмія, а дакладней анты-прэмія, — перш за ўсё люстра рэкламы, якая паказвае ці ўжывае памылковыя гістарычныя стэрэатыпы ці зроблена, ламаючы ўсе каноны рэкламнай логікі. Хочам мы таго ці не, але рэклама вельмі моцна ўплывае на людзей. Таму грэблівае, няўважлівае, неахайнае стаўленне да шматвяковай гісторыі Беларусі, да нацыянальнай мовы, на маю думку, не дапушчальна і ў гэтай сферы.

Дастаткова часта ў рэкламістыцы сустракаюцца сапраўдныя “перлы”, якія выклікаюць усмешку (калі не моцна супярэчаць логіцы), а то і абурэнне (калі зусім алагічныя). І вось мы вырашылі ўсе гэтыя “кветкі” палёў беларускай рэкламы сабраць у адзін букет і гэты гербарый акуратненька падшыць для сучаснасці і нашчадкаў – глядзіце, пасміхайцеся, вучыцеся – так рабіць не варта!

– Як на Вашую думку, ці атрымаецца навучыць беларускіх рэкламістаўрабіць больш якасную рэкламу пасля таго, як яны звернуць увагу на няўдалыя працы?

– Я думаю, што ў беларускіх рэкламістаў атрымаецца НАВУЧЫЦЦА рабіць больш якасную рэкламу, паглядзеўшы на адмоўныя прыклады. Бо яны прафесіяналы, а кожны прафесіянал робіць высновы і прымае рашэнне, як абыходзіцца з успрынятай інфармацыяй.

Бо ВУЧЫЦЬ, у поўным сэнсе гэтага слова, мэты не ставіцца. Рэкламісты – людзі разумныя, вучацца самі, у іх такі склад розуму, што рэпетытар ім непатрэбны, і мы не прэтэндуем, каб камусьці казаць, што дрэнна, а што добра. У межах гэтай намінацыі мы хутчэй аказваем дапамогу: збіраем сумнеўную рэкламу, разглядаем-абмяркоўваем – і разам робім высновы.

– Ці лёгка, на Ваш погляд, рабіць гістарычна і фактычна бездакорны рэкламны прадукт?

- Няпроста, але да гэтага трэба рухацца. Рухацца разам. Гісторыкам – падказваць рэкламістам, дзе факталогія парушана, рэкламістам – вучыць гісторыкаў рэкламаваць гісторыю. Сам па сабе фестываль AD.NAK!  – вельмі добрая з’ява, бо на ёй сутыкаюцца людзі культуры і бізнэсу, спецыялісты ў гісторыі і рэкламе, маркетынгу і літаратуры. Упэўненая, нам усім ёсць чаму павучыцца адзін у аднаго за гэтым «круглым сталом» беларускай рэкламы.

– «Каша сувораўская» — гэта і не смех праз слёзы, і не слёзы проста. А што? Якія эмоцыі, як Вы лічыце, з’явяцца ў звычайных людзей ад працаў, дасланых на конкурс?

– Спадзяюся, найперш — усмешка. Добрая шчырая ўсмешка, погляд на самога сабе – а ці не раблю такіх жа памылак я сам? А ці ж не смешна гэта? Таму спадзяемся, што ўсе здолеюць не толькі з “суседа” пасмяяцца, але і з самога сабе таксама, зрабіць высновы і далей рабіць яшчэ лепей сваю справу. Бяззлобна падначваючы, канешне, адзін аднаго за мінулае, але ж без гумару – як увогуле жыць?

Так што збіраемся разам, глядзім на сабраныя “перлы”, абіраем сярод іх “пярліны” і наперад – да светлай будучыні якаснай беларускай рэкламы, якую будзе пазнаваць увесь свет!

Экспартаваць навіну