Меркаванні

Андрэй Халецкі: Тэхнічныя, «вытворчыя» памылкі — гэта непазбежнасць

_haleckij

У межах Фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! сёлета будуць ацэньвацца не толькі самыя лепшыя рэкламныя працы, але і самыя горшыя — у намінацыі «Каша сувораўская».

Аб тым, наколькі правільна выбіраць з беларускіх рэкламных прадуктаў не вельмі ўдалыя, а таксама над важнасцю ўжываць менавіта беларускую культурную традыцыю, а не «агульнаславянскую» разважае Крэатыўны дырэктар РА Forte Grey Belarus Андрэй Халецкі.

– Ці своечасовым Вы лічыце з’яўленне намінацыі «Каша сувораўская» ў Беларусі?

– Хай будзе. Але. З вялізнай колькасці не вельмі добрых працаў у прынцыпе, цяжка выбіраць найбольш няўдалыя ў нашай сітуацыі. Гэта няправільная і нячэсна. У выхаваўчых мэтах гэта рабіць можна і трэба. Але, даючы камусьці параду і павучаючы, як рабіць не трэба, абавязкова трэба паказаць, як трэба. А добрых прыкладаў, як трэба рабіць, вельмі і вельмі мала.

Нармалёвы стан рынку, пры якім гэта стане магчымым, звязаны з эвалюцыйным працэсам стварэння крытычнай масы таго, што асабіста я называю «працоўнымі працамі». «Працоўная праца» — не абавязкова геніяльная, якая адкрывае нешта неверагоднае, што раней нідзе не сустракалася. Гэта проста паважлівае, уважлівае стаўленне рамесніка да таго, што ён робіць. Пры такім стаўленні, самае дзіўнае, такая рэч, як «дрэнная праца», паступова знікае як факт. Бо для таго, каб зрабіць дрэнна, рамесніку неабходна сапраўды пастарацца. Плаваць горш, як ты ўмееш, нязручна і бессэнсоўна.

– Ці часта Вы бачыце памылкі ў рэкламнай прадукцыі, звязаныя са скажэннем гістарычных фактаў, парушэннем логікі? У якіх сферах яны найчасцейшыя?

– Так. ёсць адна рэч, якая мяне кранае і расстрайвае. Яна звязаная з камунікацыяй брэндаў, якія імкнуцца працаваць на платформе «гісторыі і традыцый». Нягледзячы на тое, што багаж беларускай аўдыё-візуальнай сімволікі сапраўды значны, у роліках, прынтах, нэймінгу, слоганах вельмі часта праскоквае стэрылізаваная славянская атрыбутыка, па сутнасці сваёй вельмі далёкая ад нацыянальнай сапраўднасці. Барын, баярства і цар вырашылі шанежкі згадаваць… Усё гэта павінна накіраваць мае разважанні туды, дзе шчодрыя румяныя твары славянскай нацыянальнасці ўплятаюць выключна натуральныя прадукты са сталоў хлебасольных, што ў палатах каменных, ды ў градах стольных..

Я не супраць чужой культуры — я шчыра перажываю за сваю. Таму вытворцам — ачко за жаданне працаваць з платформай. І мінус два — за бяздушны культурны плагіят і грэбаванне жаданнем культываваць нашыя асабістыя, а таму бясцэнныя рысы

– Вы б самі пасмяяліся, калі б Вам указалі на ўласныя памылкі? І гіпатэтычна прынялі б Вы ўдзел у намінацыі «Каша сувораўская» ад свайго імя?

– З задавальненнем! Няўменне з сябе пасмяяцца — верная прыкмета такой нядобрай рэчы, як ганарлівасць. Ну а працаваць без памылак — ды і ўвогуле жыць — дакладна не атрымаецца. Проста важна памятаць, што памылкі тэхнічныя, «вытворчыя» — гэта непазбежнасць. А ментальны, усвядомлены «касяк», замешаны на ляноце, нематываванасці і цынізме — гэта ўжо чорная кармічная метка.

Экспартаваць навіну