Меркаванні

Анатоль Лазар: Бяда ў тым, што па паслугі прафесійнай прамоцыі ў культуры ўвогуле не звяртаюцца

_lazar

Адметнасцю сёлетняга Фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! з’яўляецца ягоны акцэнт на прамоцыю культурніцкіх праектаў. Упершыню з ідэяй звярнуць увагу рэкламнай грамадскасці на сферу культуры выступіў дырэктар рэкламнай групы “Адліга” Анатоль Лазар. Сёння ён расказвае пра важнасць і праблемы прамоцыі культурніцкіх праектаў.

— Анатоль, Вас можна назваць ідэйным натхняльнікам сёлетняга Фестывалю. Менавіта Вы прапанавалі надаць асаблівую ўвагу культурніцкім праектам у гэтым годзе. Чаму гэта важна?

— Праект AD.NAK не павінен стаяць на месцы. Яшчэ летась ён прадэманстраваў сваю здольнасць прыцягнуць увагу да беларускай мовы ў рэкламе, наладзіць пэўную камунікацыю сярод удзельнікаў рэкламнага рынку. На пытанне, куды рухацца далей апроч рэкламы, адказ муляе вока ледзь не кожнаму — рухацца туды, дзе беларускай мовы багата, але мала прафесіяналаў у прамоцыі, ва ўпакоўцы, у прасоўванні, у дызайне. Культурніцкія праекты ёсць, і іх не адзінкі. Але, да жалю, толькі адзінкі з гэтых праектаў дэманструюць дзеяздольныя сучасныя маркетынгавыя веды і інструменты. А хто даведаецца пра новыя кнігі, новую музыку, новае кіно, калі амаль ніхто пісьменна не займаецца іх “упакоўкай і продажам”?

Я хачу, каб арганізатары і гаспадары культурных праектаў пайшлі па паслугі да прафесіяналаў у маркетынгу і рэкламе, а прафесіяналы пайшлі дапамагаць рабіць не толькі камерцыйныя праекты, але і культурніцкія.

— Чаго, на Вашую думку, не хапае сённяшнім культурніцкім праектам: ідэй, грошай, кадраў ці чагосьці іншага?

— Не хапае жадання ўважліва глядзець на паспяховыя праекты гэтай галіны ў сусветнай практыцы і нават у суседніх краінах. Глядзець і вучыцца. Я бачу цікавыя беларускія культурныя праекты, але не бачу канкрэтных крокаў і нават намераў рабіць іх “культавымі”, паспяховымі і масавымі. Гэта бяда не адсутнасці грошай у культуры. Бяда ў тым, што па паслугі прафесійнай прамоцыі ўвогуле не звяртаюцца, нават не пытаюцца, колькі гэта магло б каштаваць.

— Сваю асабістую дзейнасць у студыі “Адліга” Вы здзяйсняеце ў межах беларускай ментальнай ідэі, але на дзвюх мовах. Чаму б Вам не спыніцца толькі на беларускай?

— Дзейнасць студыі адэкватная сітуацыі і ўсім мэтавым рынкам і аўдыторыям. А трэнд “Натхняйся беларускім” мы спрабуем пасунуць нават у свае міжнародныя праекты.

— Што можаце сказаць пра будучыню беларускай рэкламы?

— З беларускай рэкламай усё ў парадку. І цяпер, і ў будучыні.

Калі на ўвазе маецца будучыня менавіта беларускай мовы ў рэкламе, дык магу толькі выказаць шкадаванне, што вялікай групай энтузіястаў выдаткоўваецца столькі сілаў і часу на тое, што можна было б вырашыць адзін раз і назаўжды ў адпаведным заканадаўчым акце краіны.

— У межах сёлетняга Фестывалю будзе ўручацца антыпрэмія “Каша сувораўская”, якая закліканая паказаць нелагічнасць і непрафесіяналізм некаторых беларускіх рэкламных працаў. Як Вы лічыце, яна дапаможа змяніць да лепшага беларускі рэкламны рынак?

— Малаверагодна. Хіба зробіць піяр гэтым няўклюднікам — пакаштуй “Кашу сувораўскую” са “Вкусом бульбаша”. Але намінанты антыпрэміі не вінаватыя. Болей за тое, выкажу думку, што яны выпускаюць прадукт, які адпавядае іхнай мэтавай аўдыторыі і чаканням гэтай аўдыторыі. Прасцей кажучы, яны робяць тое, чаго ад іх патрабуюць спажыўцы. Як на мяне, што “сувораўская”, што “гітлераўская” — я таго не куплю, нават калі з галадухі апухну. Але ж людзі купляюць, яны не разумеюць недарэчнасці такой назвы. А людзі — гэта мэтавы рынак. І на гэтым рынку “сувораўская” ніколі не стане “касцюшкаўскай”.

Насамрэч вельмі балючае пытанне. Сутнасць трактоўкі “Суворава” мы ўжо прайгралі ў любым выпадку. І гэта не датычыць рэкламы — гэта датычыць краіны. Бяда не ў тым, што вялікая частка людзей праз уплыў яшчэ савецка-рускай прапаганды лічыць Суворава станоўчай асобай. Бяда ў тым, што ўсё большая частка маладых людзей увогуле нікім Суворава не лічыць і нават не ведае пра такога… Хіба што Галівуд здыме крывава-гераічнае кіно пра тое, як сувораўскія штыхі рэзалі жываты беларускіх жанчын і дзяцей. Тады гэта “ўставіць”.

Экспартаваць навіну