M. Конкурс маладых беларускіх рэкламістаў (да 28 гадоў)

У межах Другога Фестывалю беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! з ініцыятывы культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!», асноўнага арганізатара мерапрыемства, праводзіцца крэатыўны конкурс маладых рэкламістаў. Гэты конкурс ладзіцца супольна з «Беларускім фондам SOS-Дзіцячая вёска«. Партнёр конкурсу — Цэнтар сістэмных бізнес-тэхналогіяў SATIO. Удзельнікам конкурсу неабходна стварыць дызайн постэра альбо серыі постэраў на тэму сіроцтва па адным з прапанаваных арганізатарамі заданняў.

У Беларусі сёння жыве каля 1,8 млн. няпоўнагадовых дзяцей, з іх прыблізна 30 тыс. — дзеці-сіроты і дзеці, што засталіся без бацькоўскага дагляду. Яшчэ 19,5 тыс. сем’яў знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Менавіта такім катэгорыям нашага грамадства імкнецца дапамагчы грамадская арганізацыя «Беларускі фонд SOS-Дзіцячая вёска».

ГА «Беларускі фонд SOS-Дзіцячая вёска» з’яўляецца часткай міжнароднай дабрачыннай арганізацыі «SOS Кіндэрдорф Інтэрнацыяналь» (Аўстрыя). Асноўныя намаганні інтэрнацыянальнай арганізацыі накіраваныя на выхаванне і падтрымку дзяцей, якія па розных прычынах засталіся без бацькоўскага дагляду. Акрамя таго, яна працуе над папярэджаннем сацыяльнага сіроцтва і аказвае дабрачынную дапамогу дзецям-сіротам.

SOS-Дзіцячыя вёскі працуюць у Беларусі ўжо на працягу амаль 20 гадоў. Яны развіваюцца ў межах дзяржаўнай палітыкі па дэінстытуалізацыі дзяцей-сіротаў і развіцці формаў іх сямейнага выхавання. Сёння арганізацыя мае патрэбу ў распрацоўцы новых канцэпцыяў і крэатыўных ідэяў для прыцягнення фінансавых рэсурсаў, якія маглі б дапамагчы далейшай рэалізацыі падобных праектаў.

І менавіта таму фонд звяртаецца па дапамогу да крэатыўнай і неабыякавай моладзі

Удзельнікі конкурсу павінны распрацаваць крэатыўную ідэю і здзейсніць яе ў межах такога рэкламнага фармату, як постэр альбо серыя постэраў фармату А3. Галоўная задача конкурсных работаў заключаецца ў прыцягненні ўвагі прадстаўнікоў беларускай бізнес-супольнасці да сацыяльных пытанняў сіроцтва і праблемных сем’яў. Работы павінны заахвоціць бізнес не заставацца абыякавым і дапамагаць у рэалізацыі праектаў ГА «Беларускі фонд SOS-Дзіцячая вёска».

У конкурсе могуць удзельнічаць як асобныя маладыя аўтары, так і творчыя групы ў складзе не больш за два чалавекі. Узрост удзельнікаў не павінен перавышаць 28 гадоў. Кожнаму канкурсанту прапануецца рашэнне аднаго з двух кейсаў (на выбар). Рашэнне ўсіх двух кейсаў будзе толькі вітацца.

Спампаваць Конкурснае заданне 1.

Спампаваць Конкурснае заданне 2.

Кожны ўдзельнік конкурсу мусіць зарэгістравацца на сайце ў якасці ўдзельніка Фестывалю і запампаваць сваю работу ў раздзеле «Падаць работу«. Работа павінна быць дасланая ў дзвюх версіях:

1.  Прынт-версія постэра/серыі постераў формату A3, jpg, 300 dpi, CMYK

2.  Web-версія постэра/серыі постэраў, jpg, 72 dpi, RGB, не больш за 800 пікселяў па найбольш доўгім баку.

Абедзве версіі маюць быць запампаванымі на сайт адным архіўным файлам.

Конкурсныя работы прымаюцца Аргкамітэтам да 6 чэрвеня 2011 года. Дасланыя работы будуць ацэньвацца кампетэнтным журы. У яго ўвойдуць вядучыя беларускія дызайнеры і рэкламісты, а таксама прадстаўнікі грамадскай арганізацыі «Беларускі фонд SOS-Дзіцячая вёска».

Цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў пройдзе 23 чэрвеня падчас Асноўнага фестывальнага дня конкурсу беларускамоўнай рэкламы «AD.NAK». Яны атрымаюць каштоўныя прызы ад аргкамітэту фестывалю і партнёра конкурсу — Цэнтру сістэмных бізнес-тэхналогіяў SATIO, істотнай часткай дзейнасці якога з’яўляецца падтрымка розных сацыяльных і дабрачынных праграмаў. Постэры, створаныя ўдзельнікамі, у будучым будуць выкарыстаныя ў дзейнасці, накіраванай на барацьбу з сацыяльным сіроцтвам у Беларусі.

Экспартаваць навіну